Запатрабаванае арэнднае ў Ляхавічах

Напачатку мая “ЛВ” расказваў пра першых у раёне ўладальнікаў арэнднага жылля — шасцёра маладых спецыялістаў атрымалі ключы ад кватэр у 14-кватэрным адрэканструяваным доме № 56 па вуліцы Леніна ў райцэнтры. І вось нядаўна сталі вядомы прозвішчы астатніх арандатараў: 4 – двухпакаёвых, 2 – аднапакаёвых, столькі ж – трохпакаёвых кватэр.
Камісія па жыллёвых пытаннях пры райвыканкаме з 72 прэтэндэнтаў адабрала 8. Як расказала галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская, перавагу мелі гара-джане і вяскоўцы, якія стаялі на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (па стане на 1 чэрвеня 2015 года – 1045 чалавек) згодна даты пастаноўкі на такі ўлік. Падавалі заяўку арандатара людзі розных узростаў, у тым ліку і пенсіянеры, адзінокапражываючыя, інваліды, мнагадзетныя сем’і. Сярод атрымаўшых ордэры — сірата, які стаяў на ўліку ў паляпшэнні жыллёвых умоў з 1994 года, мнагадзетная сям’я з аграгарадка Востраў і іншыя.
Дарэчы, кошт квадратнага метра арэнднага жылля – 10800 рублёў, што, канешне, танней, чым здымаць кватэру ці дом. І плюс аплата камунальных паслуг.
Не варта засмучацца і тым, хто не стаў навасельцам на гэты раз. Райвыканкам прыняў рашэнне аб рэканструкцыі яшчэ аднаго шматкватэрніка – дома № 54 па вуліцы Леніна (былы інтэрнат агракаледжа), якому таксама будзе нададзены статус арэнднага.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *