Кантрольная дойка

Каб мець малако, патрэбна працаваць з пашай. Перазалужаныя, падсеяныя, ушчыльненыя (асабліва бабовымі кампанентамі), падкормленыя, своечасова падкошаныя плошчы – іменна гэтыя ўмовы выпасу грамадскага статка садзейнічаюць атрыманню доб-рых надоеў.

З самага пачатку пашавага перыяду статкі СВК “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, ДП “Нача”, ЗАТ “Белпрамбрыбор”, якія выйшлі на першы густы травастой (тут штогод робяць перазалужэнне ўгоддзяў), далі адчувальную прыбаўку ў надоях. У астатніх сельгаспрадпрыемствах, дзе з пашай асабліва не працавалі, травы раслі цяжка, ранняя пасьба эфекту не прынесла.
Апошняя дэкада мая зноў стала адмоўна паказальнай. За гэты час травастой ужо страўліваўся статкам 2-3 разы. На перазалужанных угоддзях з багатым разнатраўем паша так і засталася высокаэфектыўнай. Супрацьлеглы вынік прынесла пасьба на недагледжанай пашы: у СВК “Жарабковічы” знізіўся надой ад каровы на 400 грамаў у дзень, у “Тальмінавічах” – на 300, а ў СВК “Востраў-Агра” кожная рагуля недадала больш як па кілаграму малака. У гэтых сельгаспрадпрыемствах, а яшчэ ў СВК “Ліпнянка”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” паша не падкормліваецца, значыць няма перспектывы павелічэння надояў на бліжэйшыя месяцы. Сітуацыю можна выратаваць, калі арганізаваць штодзённую падкормку статка бабовымі і злакавымі травамі. Ва ўсякім разе ў райаграсэрвісе здолелі такім чынам стрымаць падзенне надояў.
Адна праблема нараджае другую: у названых гаспадарках няма тэхнікі, каб арганізаваць “зялёны канвеер”. Ім прапанавана эканамічна выгаднае выйсце – кругласутачная пасьба.
Такі вопыт мае СВК “Шлях новы”, дзе статак 4 МТФ пераведзены на кругласутачную пасьбу. Дарэчы, акрамя стабільных надояў з’явілася магчымасць аздараўлення жывёлы і правядзення рамонтных работ у памяшканнях ферм.
Вынікі работы жывёлагадоўчай галіны раёна за 5 месяцаў фіксуюць некаторыя зрухі ў лепшы бок, але ўсё ж яны не дацягваюць да задання: па выніках года валавы надой малака трэба давесці да 110 працэнтаў (пакуль ёсць толькі 108, 5), рэалізацыя складае 112 працэнтаў пры заданні – 116.
Адзін з важнейшых параметраў вытворчасці малака – яго якасць. З верасня ўступяць у сілу новыя, больш жорсткія патрабаванні: малака другога гатунку наогул быць не павінна. Зааветслужбам неабходна выяўляць хворых жывёл, праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы і забяспечыць іх выніковасць. На жаль, адмоўных прыкладаў хапае. Адна з дэкад мая для СВК “Тальмінавічы” і “Ліпнянка” стала антысанітарнай і непрадукцыйнай. У першай гаспадарцы аказалася 40 працэнтаў малака другога гатунку, а на тальмінавіцкай МТФ – усе 100 працэнтаў, у “Ліпнянцы” — палова малака нізкай якасці. Спецыялісты райсельгасхарчу правялі пазапланавую кантрольную дойку, праверылі малако ад кожнай каровы на ўтрыманне саматычных клетак. Выявілася шмат хворых жывёлін, якіх выдзелілі ў асобную групу. Сітуацыя ўскладняецца адсутнасцю ў СВК “Ліпнянка” ветурача: аздараўленнем статка займаецца райветстанцыя.
Зразумела, усё гэта адмоўна паўплывала і на агульнараённыя паказчыкі: за 4 месяцы надоена малака гатункам экстра 30,3 працэнта. СВК “Жарабковічы” толькі 13,8 працэнта малака прадаў гатункам экстра, райаграсэрвіс і таго менш — 2,3 працэнта.
Вось дзе страчаныя грошы, пераканана намеснік начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы Ірына Страмавус. Яна падлічыла, што толькі за 7 дзён СВК “Ліпнянка” з-за нізкаякаснага малака страціў 85 мільёнаў рублёў, “Тальмінавічы” – 55. Для гэтых сельгаскааператываў сумы вельмі значныя. І, дарэчы, СВК “Жарабковічы”, дзе за 5 месяцаў гатункам экстра здадзена 14,8 працэнта малака, каб наблізіўся па якасных параметрах да сярэднераённага паказчыка (30,8% экстры), то меў бы прыбаўку амаль у паўмільярда рублёў.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *