Сэрца грэе ўвага

Урачыстасці з нагоды Дня ўшанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь прайшлі і ў РАУС.
Для ветэранскага актыву райаддзела і маладых супрацоўнікаў гэты дзень пачаўся з успамінаў пра калег, якія не дажылі да сёння. Карзіны з кветкамі былі ўскладзены на магілы кожнага з іх.
Ва ўрачыстым сходзе, што праходзіў у будынку цэнтра пазашкольнай работы, прынялі ўдзел былыя і сённяшнія супрацоўнікі РАУС, члены іх сем’яў, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.
Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Генрых Траццяк павіншаваў ветэранаў-міліцыянераў са святам і ўручыў граматы за актыўную жыццёвую пазіцыю Міхаілу Ільюкевічу, які доўгі час працаваў участковым інспектарам, а таксама Ірыне Несцярчук (яна не адно дзесяцігоддзе ўзначальвала рэжымна-сакрэтную часць РАУС).
Са словамі ўдзячнасці і найлепшымі пажаданнямі да былых калег звярнуўся начальнік райаддзела Аляксандр Ермакоў. Ён перадаў грамату Міністэрства ўнутраных спраў за актыўную работу па навучанні і выхаванні асабовага складу старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі РАУС Іосіфу Зубіку. Дарэчы, у бліжэйшы час знойдзе свайго гаспадара – былога намесніка начальніка РАУС Леаніда Стрыгельскага – медаль “90 год міліцыі Беларусі”.
Падзяка кіраўніцтва РАУС за актыўную жыццёвую пазіцыю і дапамогу ў выхаванні маладога пакалення была аб’яўлена шэрагу ветэранаў, сярод якіх ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пархомчык і Фёдар Лойка, былыя супрацоўнікі райаддзела Фёдар Дамарад, Генадзій Савасцюк, Святлана Карнілава, Ларыса Асецкая, Васілій Багдановіч.
Асаблівую атмасферу сустрэчы стваралі дэманстрацыя слайдаў з фотаздымкамі мінулых гадоў і канцэртная праграма, падрыхтаваная цэнтрам пазашкольнай работы.
Сяргей ПАЖОГА, намеснік начальніка РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *