Дарожныя гісторыі. Эксплуатацыйныя характарыстыкі, ступень добраўпарадкаванасці дарог і іншыя пытанні сталі тэмай апаратнай нарады ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

Эксплуатацыйныя характарыстыкі, ступень добраўпарадкаванасці дарог і прыдарожных палос,вясковых, аграгарадскіх і гарадскіх вуліц раёна сталі галоўнай тэмай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама. У значнай ступені акцэнт быў зроблены на выніковасць работ па абслугоўванні дарожнай сеткі Ляхавіччыны. Абапіраючыся ж на выніковасць, з дастатковай дакладнасцю можна меркаваць і аб якасці работы арганізацый, адказных за дарожную і прыдарожную ўпарадкаванасць.

З агучаных фактаў, прадэманстраваных фотаздымкаў просіцца выснова, што і ДРБУ-200, і мясцовая структура Баранавіцкага ДЭУ-24 не дапрацоўваюць. Адным з прыкладаў таго, як быць не павінна, стаў так званы аўтакемпінг, размешчаны сумежна з аўтадарогай Р-4 у раёне аграгарадка Дарава. Фотааб’ектыў адлюстраваў смецце, якое пакінула межы кантэйнераў. Сама кантэйнерная пляцоўка таксама запоўнена смеццем ці не пад завязку. Некаторыя прызваныя надаць эстэтыкі архітэктурна-ландшафтныя элементы часткова разбураны, зялёная зона патрабуе падкошвання. На тлумачэнні начальніка ДЭУ-24 (названая арганізацыя адказвае за парадак на гэтым “пятачку”) і старшыні Конькаўскага сельвыканкама, маўляў, графікі вывазу смецця выконваюцца, – старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч адзначыў неабходнасць перагляду гэтых самых графікаў. Але ёсць сэнс зірнуць на аўтакемпінг і з другога боку. Думаецца, і тыя, хто прыязджае, прыходзіць сюды са смеццем, могуць і павінны праяўляць больш культуры, ахайнасці, павагі да парадку. Супраць выслоўя “чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смеццяць” контраргументаў пакуль не знойдзена.

Многія дарогі, участкі дарог калі і абкошваюцца, то нерэгулярна ці несвоечасова. У некаторых выпадках гэта выконваецца неашчадна, на недастаковую адлегласць ад краю ўзбочыны. У шэрагу населеных пунктаў раёна дарожная вулічная інфраструктура з’яўляецца дастаткова тэхналагічнай, прынцыпова функцыянальнай: праезная частка, борт, тратуар. Аднак, належны догляд за гэтым прысутнічае далёка не ўсюды. У якасці ілюстрацыі гаварылі пра мост у Сваятычах, які патрабуе добраўпарадкавання, тут высокая трава на ўзбочыне, выбіваецца з-пад бартоў…

Ёсць дарогі ці ўчасткі дарог да якіх вельмі блізка падышлі кустоўе, а то і дрэвы. Гэта не толькі недобраўпарадкаванасць, але і патэнцыянальная небяспека для ўдзельнікаў руху.Карэкціроўкі патрабуюць многія дарожныя з’езды, – у прыватнасці, у ваколіцах тых жа Сваятыч. А “сляпая” гарызантальная дарожная разметка характэрна нават некаторым ляхавіцкім вуліцам.

Шмат нараканняў гучала ў адрас прыпынкаў грамадскага транспарту, дакладней – у адрас тых, хто павінен сачыць, даглядаць і добраўпарадкаваць іх. У прыватнасці, ДРБУ. Усё тое ж: не падкошана, не прыбрана, часам, адсутнічае адпаведны дарожны знак, іншае. Старшыня райвыканкама запатрабаваў за тыдзень прывесці ўсе пункты прыпынку грамадскага транспарту ў належны парадак.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *