Рэцэпт на здароўе. Амаль год назад у рады ляхавіцкіх медыкаў уліліся пасля заканчэння ВНУ 6 урачоў

Сяргей Памазанскі, Вольга Грыцкевіч, Андрэй Курак, Арцём Прыход - маладыя, але перспектыўныя спецыялісты

З усіх навук, без сумнення, медыцына самая высакародная. Так гаварыў Гіпакрат. Загадчык аддзялення рэнтгенаўскай дыягностыкі Сяргей Памазанскі чацвёрты год стаіць на варце здароўя землякоў, стараецца быць сапраўдным урачом. І ў яго гэта атрымліваецца. Калегі і пацыенты лічаць Сяргея Уладзіміравіча выдатным і вельмі зацікаўленым спецыялістам, шчырым і надзейным чалавекам.

Не выпадкова менавіта Памазанскі ў цэнтральнай раённай бальніцы ўзначальвае савет моладзі. Камунікабельнаму і спагадліваму, яму ўдаецца аб’яднаць моладзь у адну медыцынскую сям’ю. Амаль год назад у рады ляхавіцкіх медыкаў уліліся пасля заканчэння ВНУ 6 урачоў.

– Маладыя, але не зялёныя! – сцвярджае Сяргей Памазанскі. – Ды і працаваць з кожным годам ўсё цікавей і цікавей, сучаснае медабсталяванне, якім папаўняецца бальніца, пашырае магчымасці дыягностыкі і лячэння. А настойлівасць маладых дактароў радуе і натхняе.

Энергічныя і актыўныя, яны штодня даказваюць сваю кампетэнтнасць (ведаю гэта з уласнага вопыту пацыенткі). Не забываюць і пра тое, што лекі-лекамі, а, часам, прыветнае слова не толькі бальзам на душу, але і вельмі неабходнае дапаўненне да ўрачэбнага назначэння. Тактоўных і ветлівых маладых спецыялістаў можна ўбачыць як у стацыянары райбальніцы, так і на прыёме ў паліклініцы. Вольгу Грыцкевіч і Дзяніса Лапаціна (зараз працуе ў аздараўленчым лагеры “Чайка”) паспелі палюбіць самыя юныя пацыенты – дзеці. На ўчастку кожнага з іх – каля 800 хлопчыкаў і дзяўчынак. Маладыя тэрапеўты Алег Арлоўскі і Кацярына Шастак сваёй прафесіяй захоплены. Арцём Прыход – неўролаг, але можа замяніць неўрапатолага. Галоўным у сваёй прафесіі тэрапеўт Андрэй Курак лічыць настроіць пацыента на выздараўленне, прымусіць паверыць ва ўласныя сілы.
Прага да самаўдасканалення і развіцця, стараннасць і адказнасць – як без гэтага ўрачу?! Знаёмства з медыцынскай літаратурай, пастаянны абмен вопытам, кансультацыі адзін у аднаго, і, канешне, падказкі – падтрымка вопытных урачоў, сувязі з калегамі з іншых раёнаў у раскладзе іх прафесійнага жыцця.
Не застаецца малады спецыяліст сам-насам з пытаннямі і праблемамі. У дапамогу – калега-настаўнік, які на працягу двух гадоў навучае, падказвае, накіроўвае. Старэйшыя дапамагаюць адаптавацца на рабочым месцы, уліцца ў калектыў.
І хоць нагрузка ў медыкаў не малая, але паспяваюць яны, акрамя працы, удзельнічаць у конкурсах, падарожнічаць, займацца спортам. І робяць гэта з задавальненнем.
Сяргей Памазанскі хаця і сам па ўзросце малады, але надзвычай аўтарытэтны: за ім моладзь райбальніцы ахвотна і ў спартзалу ідзе, і на экскурсію накіроўваецца. Атмасфера ўзаемападтрымкі і сяброўства, што пануе ў калектыве, спрыяе станаўленню маладых кадраў. Работа па душы, жыллё (нядаўна маладыя ўрачы сталі ўладальнікамі арэндных кватэр), увага з боку кіраўніцтва, у тым ліку раёна, – выдатнае спалучэнне для адчування паўнаты жыцця і сваёй запатрабаванасці. Глядзіш, стане Ляхавіччына не толькі іх першым месцам работы, але і родным домам.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *