Медыцынская карта Ляхавіцкага раёна

Медыцынская карта раёна – гэта ў тым ліку і ляхавіцкая бальніца, і абноўленая, рэканструяваная, мадэрнізаваная паліклініка, разлічаная на 420 наведванняў у змену, Крывошынская ўчастковая бальніца на 30 ложкаў (25 з якіх — сястрынскага догляду), 8 урачэбных амбулаторый, 16 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Працуюць 73 урачы, 309 работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу, 326 — малодшага і абслуговага. Райбальніца забяспечана абсталяваннем для правядзення шэрагу дыягнастычных даследаванняў: рэнтгеналагічнага, ультрагукавога, электракардыяграфічнага, эндаскапічнага страўнікава-кішачнага тракту, велаэргаметрыі, функцый знешняга дыхання, лабараторных даследаванняў крыві і інш.

Без новых методык лячэння, як і новых медыцынскіх прэпаратаў і перааснашчэння, сучасную ахову здароўя нельга ўявіць. Пастаянна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база і нашай бальніцы. Чаго вартая мінулагодняе шырокамаштабнае наваселле паліклінікі, працягваецца бягучы рамонт у некаторых падраздзяленнях. Толькі апошнім часам за бюджэтныя сродкі набыты фетальныя маніторы (дыягнастычныя прыборы, якія дазваляюць урачам сачыць за здароўем плода і будучай маці), кальпаскоп, стаматалагічныя ўстаноўкі. Спадзяёмся ўжо сёлета зрабіць інфарматызацыю ўстаноў аховы здароўя – устанавіць камп’ютарную праграму “Льготны рэцэпт”, што не толькі аблегчыць работу ўрача, але і зберажэ час пацыентаў. У планах — набыццё апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, маніторнай сістэмы ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі, аўтамабіляў — у аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі. Плануем больш маштабна ўкараняць камп’ютарныя тэхналогіі, пашыраць амбулаторна-паліклінічнае абслугоўванне.

А вось адным з праблемных пытанняў для нас па-ранейшаму з’яўляецца кадравае. У цэнтральнай раённай бальніцы не хапае тэрапеўтаў, рэаніматолага, дэрматавенеролага, акушэр-гінеколага. З нецярпеннем чакаем на работу па размеркаванні чатырох тэрапеўтаў, неўролага, хірурга, стаматолага. З гонарам і за ўсіх медыкаў і за маладых спецыялістаў нагадаю, што сямёра маладых урачоў атрымалі добраўпарадкаванае жыллё ў райцэнтры. На карысць справе – і пераемнасць пакаленяў: вопытныя прафесіяналы ў белых халатах дапамагаюць маладым калегам. Шчыры дзякуй нашым шаноўным ветэранам аховы здароўя за тое, што, нягледзячы на ўзрост, яны працуюць: сёння ў ЦРБ 18 урачоў і 60 спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу пенсійнага ўзросту.

Шаноўным калегам, хто сёння працуе ў медустановах, і тым, хто на заслужаным адпачынку, усім жыхарам раёна жадаю моцнага здароўя, поспехаў і дабрабыту.

Уладзімір УСЦЮШКОЎ,

галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *