Земскі фельчар з Тальмінавіч

Намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Міхаіл Куляшоў і загадчыца Тальмінавіцкага ФАПа Галіна Коршун.

Наш доктар”, — так ласкава называюць вяскоўцы загадчыцу Тальмінавіцкага ФАПа Галіну Коршун. У вопытнага фельчара багаты медыцынскі стаж — 37 гадоў. Пачынала на хуткай дапамозе ў Ляхавічах, доўгі час працавала медсястрой у Савейкаўскай урачэбнай амбулаторыі, потым фельчарам на ФАПе. І вось 4 гады ўзначальвае аграгарадскую медустанову. Графік работы ФАПа – гэта ўсяго расклад на паперы, на самой справе рэжым работы Галіны Аляксееўны кругласутачны. Хвароба не выбірае ні месца, ні час. Фельчар для землякоў – сапраўдная служба выратавання. Яна не толькі па прозвішчы і імені ведае больш за 400 сваіх падапечных (такое насельніцтва Тальмінавічаў і Савеек), але і чым хто хварэе, у каго якія іншыя праблемы. Паспявае ўсё – дыспансерызацыю своечасова правесці, стан здароўя школьнікаў пракантраляваць, каму трэба зрабіць працэдуры, ціск памераць. І абавязкова пацікавіцца пра жыццё-быццё.

—Большасць жыхароў – пенсійнага ўзросту, многія з іх не працуюць, дзеці, унукі далёка. Іншы раз добрае слова ці проста размова ”па душах” ім не менш неабходны, чым таблетка ці ўкол, — з клопатам у голасе гаворыць Галіна Аляксееўна.

Не бывае дня, каб у ФАП не прыходзілі людзі: за кансультацыяй, купіць таблеткі (дзейнічае аптэчны пункт), атрымаць прышчэпку. А яшчэ тройчы на тыдзень сюды прыязджае з раённай паліклінікі зубны фельчар і раз на тыдзень – педыятр (у зоне абслугоўвання медустановы — 66 дзетак).

Для аграгараджан стала звыклым, што ў двары ФАПа чысціня, прыгажосць, кветкі. І гэта – справа рук загадчыцы і яе памочніцы – санітаркі Алены Скрыцкай, якая, дарэчы, 31 год працуе тут.

Зубны фельчар Юрый Коктыш за работай.

А вось агароджа зялёнага колеру з’явілася зусім нядаўна, усталявалі яе фельчар з дапамогай мужа і сына.

— Галіна Коршун – надзвычай адказны і добрасумленны работнік, прафесіяналізм – на вышэйшым узроўні, выканальніцкая дысцыпліна таксама. У яе адрас не было ніводнай скаргі, толькі ўдзячнасці, — расказвае пра калегу намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіл Куляшоў.

Незаменны яна чалавек для жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *