Паслязаўтра была вайна… 22 чэрвеня — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Ніхто не забыты, нішто не забыта

Таццяна Дарашэнка нарадзілася амаль праз 20 гадоў пасля Перамогі. І, як усе яе равеснікі, вывучала гісторыю вялікага народнага подзвігу не толькі па падручніках, па фадзееўскай “Маладой гвардыі”, сіманаўскіх “Жывых і мёртвых”, “Брэсцкай крэпасці” Смірнова, але і з першых вуснаў — па расказах саміх герояў. Засвоіла яна гэту вучобу ўсім сэрцам. Так засвоіла, што і сёння жыве пошукам, асабіста запаўняе тэкстам белыя старонкі ваеннай эпапеі. Таццяна Пятроўна толькі за апошнія два гады з дапамогай аб’яднанага банку даных “Мемарыял” адшукала прозвішчы 156 салдат, якія загінулі пры вызваленні нашага раёна і значыліся невядомымі. Вядучы спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійным забеспячэнні райваенкамата, яна лічыць справай гонару ў імя гістарычнай справядлівасці і чалавечай удзячнасці гэты пошук.

…Паслязаўтра – 22 чэрвеня, Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Вядомых і невядомых. У 2011 годзе, прыгадвае Таццяна Дарашэнка, падчас раскопак, якія вёў 52-гі пошукавы батальён, было ўстаноўлена імя аднаго з загінуўшых у першыя дні вайны савецкіх салдат: Мікалай Андрэевіч Педаш, 1920 года нараджэння, ураджэнец Запарожскай вобласці. Цяпер яго імя высечана на помніку ў Завінні, а на месца пахавання героя прыязджалі яго родныя з Таганрога і Смаленшчыны.

Таццяна Пятроўна гатова бясконца расказваць пра вернутыя з небыцця лёсы тых, хто загінуў у страшнай вайне і хто перастаў быць невядомым, дзякуючы следапытам. Іван Антонавіч Аўраменка, радавы 193-й стралковай дывізіі 65-й арміі загінуў пры вызваленні Ляхавіч. Побач з яго прозвішчам на помніку (перад скрыжаваннем вуліц Леніна і Кастрычніцкай у райцэнтры) даты нараджэння і смерці: 1907 – 7.07.1944. З’явіўся гэты надпіс нядаўна, ён таксама – вынік пошуку.

А яшчэ быў званок з Літвы, з суседняй краіны цікавіліся роднымі загінуўшага ў час вайны на тэрыторыі Польшчы салдата з вёскі Крывошын. Таццяна Дарашэнка адшукала родных у аднайменнай вёсцы Драгічынскага раёна.

А цяпер яна жыве новым сюжэтам: з дапамогай “Мемарыяла” ўнукі даведаліся аб тым, што іх дзед, ураджэнец вёскі Жарабковічы, быў узнагароджаны медалём “За адвагу”, які так і не атрымаў. Таццяна Пятроўна ўжо зрабіла запыт у Маскву і спадзяецца, што нашчадкам героя ўручаць пасведчанне аб дзедавай узнагародзе.

…Таццяна Дарашэнка ўдастоена юбілейнага медаля ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі і медаля “За актыўны пошук”. Гэты пошук наша зямлячка мяркуе працягваць. А паслязаўтра, 22 чэрвеня, яна абавязкова спыніцца ля помніка загінуўшым у час вайны з заўсёднай думкай: дзякуй за мір і даруйце, што пакуль не ўсе імёны вызваліцеляў вядомыя…

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *