Нестандарт са стандартамі. Прэзідыум райсавета дэпутатаў прааналізаваў работу па выкананні сацыяльных стандартаў у Ляхавіцкім раёне

На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў 27 склікання. Выкананне сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў – адно з пытанняў парадку дня. У раёне выконваюцца сацыяльныя стандарты ў адукацыі, культуры, сувязі, транспарце, фізічнай культуры і спорце. Палепшылася сітуацыя ў сферы абслугоўвання. У мінулым годзе павялічылася колькасць пасадачных месцаў у арганізацыях грамадскага харчавання райпо, і цяпер падтрымліваецца нарматыў — 30 месцаў на 1000 чалавек. Разам з тым, ёсць праблемы, напрыклад, у ахове здароўя, дзе не хапае ўрачоў агульнай практыкі. Кіраўніцтву цэнтральнай  раённай бальніцы неабходна прымаць больш дзейсныя меры па вырашэнні кадравага пытання, – адзначана ў рашэнні прэзідыума.

Не выконваецца і нарматыў па ўдзельнай вазе вуліц з палепшаным пакрыццём. Прэзідыум райсавета даў даручэнне: аддзелу архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” і ДРБУ-200 да 20 ліпеня гэтага года правесці інвентарызацыю вуліц горада і сельскіх населенных пунктаў для вызначэння маштабаў работ у гэтым накірунку.

Значныя бюджэтныя сродкі выдаткоўваюцца на добраўпарадкаванне тэрыторый, у тым ліку і сельсаветаў. Аднак да парадку далёка. Не дапрацоўваюць сельвыканкамы. Жыхары аграгарадкоў і вёсак таксама не павінны самаўхіляцца ад гэтай важнай справы.

На пасяджэнні прэзідыума прааналізавана работа, якую праводзяць старшыні сельвыканкамаў па прыцягненні сродкаў насельніцтва — аднаразовых добраахвотных узносаў грамадзян на добраўпарадкаванне. Старшыні Ганчароўскага, Конькаўскага і Жарабковіцкага сельвыканкамаў скардзіліся на тое, што вяскоўцы не спяшаюцца плаціць узносы, і гэта гучала зусім бездапаможна.

Яўгеній Юрлевіч параіў кіраўніцтву сельвыканкамаў быць бліжэй да людзей, на сельскіх сходах аргументавана тлумачыць, на якія мэты пойдуць грошы, а потым у абавязковым парадку трымаць справаздачу, куды яны зрасходаваны. Без дапамогі дэпутатаў сельскіх Саветаў, старастаў тут не абыйсціся.

Талакой любая справа вырашаецца хутчэй і якасней. Напэўна, большасць грамадзян зацікаўлены ў тым, каб былі добраўпарадкаванымі вуліцы вёсак, тэрыторыі могілак, аварыйныя дрэвы спілаваны. А сума добраахвотных узносаў, дарэчы, паддымная, напрыклад, у Ганчароўскім сельсавеце яна складае 50000 рублёў у год з аднаго домаўладання. У якасці станоўчага прыкладу – Востраўскі сельсавет, дзе сіламі тутэйшых жыхароў сёлета ўжо сабрана звыш 5 мільёнаў рублёў.

Справаздачу аб сваёй дзейнасці трымаў дэпутат райсавета па Тухавіцкай выбарчай акрузе № 35, дырэктар торфабрыкетнага завода “Ляхавіцкі” Міхаіл Хаміцэвіч. Сіламі завода многае робіцца па добраўпарадкаванні пасёлка. Вырашана пытанне своечасовага запаўнення грашовымі сродкамі банкамата ў Тухавічах. Сумесна з камунгасам арганізавана асвятленне каля ўвахода ў дзіцячы сад, на яго гульнёвай пляцоўцы ўстаноўлены арэлі, горка, сталы і лаўкі. Разам з супрацоўнікамі Востраўскага сельвыканкама добраўпарадкаваны месцы пахавання загінуўшых у час вайны савецкіх воінаў і землякоў.

Дэпутат паведаміў, што па просьбе грамадзян на торфабрыкетным заводзе арганізаваны і аказваюцца паслугі па апрацоўцы зямельных участкаў, скошванні травы, вывазу смецця. У праграме другаснай занятасці падлеткаў падчас летніх канікул створаны аплачваемыя рабочыя месцы для школьнікаў на ўчастках здабычы торфу і арганізавана харчаванне за кошт прадпрыемства.

Рашэннем прэзідыума створаны часовыя дэпутацкія групы, якія будуць вывучаць гаспадарча-эканамічную дзейнасць ПМК-17 і СВК “Ліпнянка”, што знаходзяцца ў складанай фінансавай сітуацыі. Мяркуецца распрацоўка канкрэтных рэкамендацый па паляпшэнні стану спраў.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *