Пакуль зерне не ў коласе. У сельгасарганізацыях Ляхавіцкага раёна працягваецца падрыхтоўка да жніва

Механізатар СВК «Ляхавіцкі» Мікалай Кавалёў рыхтуецца да жніва грунтоўна.

У сельгасарганізацыях раёна працягваецца падрыхтоўка да жніва.  Кажуць і абсалютна апраўдана: пакуль зерне ў коласе, недазваляльная для аграрыя раскоша – залежвацца ў холадзе. Але і ў сітуацыі, калі яно яшчэ нават не ў коласе – няспелае, на ляжанне ў цянёчку ў вяскоўцаў няма і хвіліны часу.

Па-першае, касавіца: толькі завяршыцца першы збор зялёнага ўраджаю, як узнікае неабходнасць заходзіць на другі круг. Ды і ці мала гэтай парой клопатоў, сярод якіх прыярытэтнае месца займае падрыхтоўка зернеўборачнай тэхнікі. У канцы чэрвеня-ліпені стартуе і зернеўборка. Спачатку азімы ячмень, невялікі ўборачны клін якога становіцца для камбайнаў свайго роду прагрэвачным кругам. Пасля рапс і г. д.
З чым выйдзем на хлебную ніву? З гэтым пытаннем рэдакцыя звярнулася ў раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання.
Калі скласці агульны ўборачны клін, атрымаецца 16078 зерневых гектараў. Камбайнавы парк раёна сёння складаюць 74 уборачныя машыны. Папаўнення ў гэтым годзе не прадбачыцца, ды і ці ёсць сэнс у сітуацыі, калі гаспадаркі трымаюць на ўліку кожны рубель, ісці на затратную пакупку? Просты падлік паказвае: на кожную машыну ў сярэднім не выпадае і 220 уборачных гектараў. І калі пакінуць за дужкамі не тыповых нашых сельгасвытворцаў у асобе агракаледжа і ЗТАА “БелДан”, у кожнай з астатніх гаспадарак нагрузка на камбайн вагаецца ад 160 гектараў (СВК “Ляхавіцкі”, “Ліпнянка”) да амаль 250 (ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, СВК “Жарабковічы”). Пад’ёмныя плошчы для сучаснай тэхнікі.
Сучаснасць парка зернеўборачных машын ляхавіцкіх аграрыяў пацвярджаецца лічбамі і фактамі. Абсалютную аснову складаюць агрэгаты гомельскай вытворчасці: 34 адзінкі ЗСК-1218, 33 – некалькі менш прадукцыйныя і ў меншай ступені тэхналагічныя ЗСК-10К. Асабліва доб-рых водгукаў заслужыла “дванаццатка”. Па словах галоўнага спецыяліста па механізацыі райсельгасхарчу Міхаіла Новіка, гэты камбайн мала ў чым саступае сваім замежным “аднакласнікам”. Дастаткова надзейная, вынослівая, высокапрадукцыйная машына. Пры правільнай наладцы, выкананні ўсіх неабходных рэгуліровак, умелай і беражлівай эксплуатацыі для ЗСК-1218 і 300 убраных за сезон гектараў – далёка не зверх нагрузка.
У астатку – 7 кам-байнаў, так бы мовіць, “разнасорціццы”: па пары “ДжонДзіраў”, “Бізонаў”, НьюХоланд, айчынная машына не самай апошняй распрацоўкі і года выпуску.
Згодна рашэння райвыканкама, на пачатак каляндарнага лета зернеўборачную тэхніку неабходна было прывесці ў рабочы стан. Не прыведзена, падобнай перадуборачнай ідыліі нашы аграрыі пакуль яшчэ не дасягнулі. Рамонту рознай складанасці, як правіла, з заменай асобных дэталяў, вузлоў а то і агрэгатаў патрабуюць 16 машын. Для чаго неабходны значныя інвестыцыі. І фінансавыя, і працоўныя. Вастрыня ж сітуацыі ў тым, што ў шэрагу гаспадарак не хапае ні грошай, ні персаналу.
Дарэчы пра персанал: па інфармацыі райсельгасхарчу, найбольшую патрэбу ў механізатарскіх кадрах адчувае СВК “Тальмінавічы”. У гэтым выпадку можна гаварыць, што экіпажы камбайнаў тут толькі пачынаюць “складвацца”. Не ўсё ў парадку ў СВК “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, у меншай ступені – райаграсэрвісе. Для даўкамплектацыі сельгасарганізацый па штаце жніва АПК раёна не хапае 29 механізатараў. Адпрацаваная і правераная гадамі практыка ўзята на ўзбраенне і сёлета: вакансіі плануецца “аддаць” выпускнікам профільных вучэбных устаноў, часова перакваліфікаваць у хлебаробаў пэўную катэгорыю работнікаў прамысловых прадпрыемстваў. І, канешне, за кошт перастановак-перамяшчэнняў у саміх сельгасарганізацыях. Лагічна, напрыклад, штатнага механізатара-”хіміка” “пасадзіць” за штурвал камбайна. Вядома, пры наяўнасці ў чалавека патрэбнай кваліфікацыі, гатоўнасці і жадання працаваць у рэжыме збожжаўборачнай кампаніі.
Апошні варыянт – уменне знаходзіць шляхі рашэння любых задач унутры сваёй арганізацыі – падаецца найбольш надзейным. Што датычыць дапамогі, адзначым, што з абласнога бюджэту выдаткоўваюцца асігнаванні на правядзенне тэхнічнага абслугоўвання зернеўборачных агрэгатаў. Вырашаецца пытанне з пастаўшчыкамі “расходнікаў”, а ўся выканальніцкая практыка – за спецыялістамі райаграсэрвіса.
24 чэрвеня пачынаецца тыдзень тэхагляду зернеўборачнай тэхнікі. Да 1 ліпеня ўвесь камбайнавы парк раёна будзе правераны-пратэсціраваны на функцыянальнасць, адпаведнасць сістэм і механізмаў патрабаванням правілаў бяспекі – на магчымасць допуску да жніва-2015.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *