Аграном Макаранка працуе ў Ляхавічах

Яна выйшла ў знаёмае поле і зноў не змагла стрымаць захаплення: якая ж прыгажосць…

Чалавек так шчыра, як гераіня гэтага фотаздымка, усміхаецца, калі адчувае радасць жыцця. З дыпломам ЛДАКа малады аграном Таццяна Макаранка прыйшла на працу ў Ляхавіцкую льнонасенстанцыю і акунулася ў суцэльную практыку пасля трывала засвоенай праграмы ў каледжы. Пяты год яна ўдасканальвае свой прафесіяналізм на практыцы, але палічыла неабходным працягваць вучобу, завочна займаецца па спецыяльнасці ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.
У аграномаў свае прыхільнасці ў бачанні прыгожага: квітнеючае льняное мора, сінь якога зліваецца з небам, залатое хлебнае раздолле – адзін у адзін з колерам сонца, непаўторна сакавітая зелень усходаў і сенажаці. Любавацца не налюбавацца гэтым. Але самае галоўнае ў прыгажосці – мэтазгоднасць. У дачыненні да сельскагаспадарчага пейзажу – ураджайнасць, важкасць коласу, шчодрасць гектараў, над якімі завіхаюцца земляробы. Таццяна пераканана, што выбрала самую лепшую, цікавую, неабходную прафесію. А яшчэ яна ведае, што практычныя навыкі надзвычай спрыяюць станаўленню спецыяліста. І гэтыя навыкі адпрацоўвае штодня і ў лабараторыі, і на палях ільнонасенстанцыі.
…Ніякі фларыст не дакажа Тані Макаранка, што архідэі прыгажэй за імправізаваны букет з лёну. Ды і навошта даказваць відавочнае!

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *