Рынкі збыту рашаюць многае

Больш чым за 40 гадоў існавання торфабрыкетны завод “Ляхавіцкі” стаў вядомым у сваёй галіне. Прадпрыемства нарошчвала выпуск якаснай прадукцыі, мадэрнізавала і ўдасканальвала вытворчасць, укараняла новыя тэхналогіі, асвойвала новыя, у тым ліку і замежныя, рынкі збыту. Апошнім часам трымаць марку паспяховага прадпрыемства стала куды больш складана. Як адзначыла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня, торфабрыкетны завод не здолеў спрацаваць на ўзроўні сваіх ранейшых паказчыкаў —“змінусаваў”: тэмпы росту аб’ёмаў прамысловай вытворчасці за мінулы год склалі 76 працэнтаў. Справакавалі “мінус” змяншэнне экспартных паставак, цёплыя зімы. Да якасці пытанняў у спажыўцоў няма.

А кіраўніцтва завода называе і газіфікацыю населеных пунктаў. Як вынік – змяншэнне адгрузак цвёрдага паліва: у райпалівазбыты яго пастаўлена 50458 тон, што на 28 працэнтаў менш, чым у 2013 годзе. “Мінусуюць” тухавіцкія пастаўкі ў Пінскі, Іванаўскі, Драгічынскі гар-райпалівазбыты. Аналагічная сітуацыя і з нашым раёнам.

У мінулым годзе тухавіцкі торфабрыкет адпраўлялі ў Літву, Данію, Малдову, Расію, Польшчу, Фінляндыю. На экспарт пайшло 11 працэнтаў выпушчанай прадукцыі. Сёлета пакуль заключаны дагаворы з Літвой, Польшчай, Фінляндыяй, праўда, аб’ёмы паставак зусім невялікія. Дырэктар прадпрыемства Міхаіл Хаміцэвіч гэта тлумачыць зменшанай цікавасцю замежных партнёраў да тарфяных паліўных брыкетаў, цёплым надвор’ем падчас ацяпляльных сезонаў, наяўнасцю запасаў у спажыўцоў, зніжэннем цэн на канкурыруючыя віды паліва. Відавочна, што трэба шукаць новыя рынкі збыту. Неаднойчы вяліся перамовы з патэнцыяльнымі замежнымі партнёрамі.

Прычыны зніжэння аб’ёмаў вытворчасці, як і змяншэння продажу выпускаемай прадукцыі, агучаны. Кіраўніцтва завода знаходзіць гэтаму шмат тлумачэнняў, але, напэўна, і прымаемых мер недастаткова. Выйсце павінна быць. Завод – гэта 230 чалавек, якія тут працуюць, многія не адно дзесяцігоддзе. Ёсць і сямейныя дынастыі торфаздабытчыкаў і торфаперапрацоўшчыкаў. Нягледзячы на значныя праблемы са збытам прадукцыі, сёння ТБЗ дзейнічае ў звычайным для гэтага часу рэжыме. З 22 чэрвеня аднавілася работа ў цэхах, якія два тыдні былі на капітальным рамонце. З мая па верасень ідзе традыцыйная нарыхтоўка сыравіны. Увесь светлавы дзень 25 работнікаў участка здабычы на палях назапашваюць сыравіну. Усяго плануецца назапасіць 100000 тон торфу для вытворчасці паліўных брыкетаў, ужо ў наяўнасці   40000 тон.

Дарэчы, у мінулым годзе завод спрацаваў рэнтабельна (сёлета, праўда, пакуль ёсць страты, але кіраўніцтва прадпрыемства мяркуе да наступнай справаздачнай даты зноў выйсці на “плюс”). Не дапушчана і кадравага скарачэння, што таксама вельмі важна, бо для многіх жыхароў Тухавіч, Вострава, Рагачоў, Крывошына, Ліпска завод – адзінае месца, дзе можна працаўладкавацца і своечасова атрымліваць заработную плату.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *