Сіла прыцяжэння. І прыцягнення

З асфальту дарога збочыла на поле. Некалі наезджаныя каляіны, якія вядуць да паселішча, зарастаюць травой. Сёння ў вёсцы Меляхі засталіся 4 хаткі і 5 жыхароў, якія на зіму звычайна едуць да дзяцей. А 11 хатаў глядзяць на свет патухшымі вокнамі – тут ніхто не жыве. У двары адной з іх журавель, які ўжо даўно згніў і сваім доўгім “носам” сумна абапёрся аб зямлю. Двор другой зарос вішняком: адно дрэўца прарасло праз згніўшы дах і зацвіло, нібы падаючы знак, што не гледзячы ні на што, жыццё працягваецца. І гэта так. Былыя жыхары Меляхоў, якія разышліся-раз’ехаліся па свеце, вырашылі сабрацца ў роднай вёсцы. Старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч у бліжэйшыя выхадныя будзе прымаць гасцей – чалавек 30 ураджэнцаў вёскі Меляхі. Прыедуць нават тыя, у каго ўжо і следу няма ад бацькоўскіх сядзібаў – хлеб каласіцца і луг цвіце на іх месцах. Кліча памяць.

– Скажу шчыра: гэта шчымлівыя імгненні, – гаворыць старшыня сельвыканкама. – Людзі беспамылкова знаходзяць месцы, дзе былі іх сядзібы. І застаюцца ўдзячнымі, што не грувасцяцца рэшткі згніўшых, зарослых хмызнякамі пабудоў, бо гэта было б яшчэ больш балюча…

Усё менш хатаў застаецца ў Нівішчы, Падбароччы, Залужжы. Сёлета 8 згніўшых, паўразваленых пабудоў з прызнаных нічыйнымі ліквідаваны ў вёсцы Мядзведзічы, 6 – у Гайнінцы, 4 – у Тальмінавічах. Вызваленыя землі рэкультывуюцца і ўключаюцца ў севазварот мясцовай гаспадаркі. За мінулы год і сёлета такім чынам сельгасугоддзі СВК “Тальмінавічы” павялічыліся на 17 гектараў.

Уладзімір Плескацэвіч абрысоўвае сітуацыю: сёння на ўліку ў сельвыканкаме 221 пустуючая хата і толькі на 95 атрыманы паведамленні ад нашчадкаў аб жаданні іх выкарыстоўваць. З астатнімі ўладальнікамі паўразваленых і пакінутых пабудоў патрэбна працаваць. Знайсці іх бывае праблематычна.

А вось у вёсках над ракой Шчарай – Мазурках, Цыгані, Мінічах – шмат дамоў аднаўляецца ці прадаецца пад дачы.

Як вокам кінуць хвалюецца збажына на прасторах Жарабковіцкага сельсавета: ніякіх хутароў, кінутых сядзібаў, неапрацаваных зямельных участкаў. Прастор для работы магутнай тэхнікі. Добраўпарадкаванасць дасягнута дзякуючы сумеснай працы сельвыканкама і СВК “Жарабковічы”. Сельгаскааператыў выкупляе непатрэбныя хаты, разбірае іх на дровы і рэкультывуе тэрыторыю. Дарэчы, іменна прапанова выкупу дапамагае без асобых праблем знайсці нашчадкаў і вырашыць пытанне. Сёлета значная работа праведзена ў аграгарадку Падлессе, вёсках Шавялі, Трабавічы, у выніку чаго 5 гектараў зямлі ўведзены ў севазварот. Ёсць участкі ў вёсцы Гулічы, якія таксама неўзабаве стануць сельгасугоддзямі гаспадаркі. Хутка будзе разбірацца нічыйная хата ў цэнтры Жарабковіч, якая доўгі час перашкаджала спланаваць і добраўпарадкаваць цэнтральную плошчу аграгарадка. Нашчадкі сядзібы аформілі адпаведныя дакументы.

У Альхоўскім сельвыканкаме пошук уладальнікаў ці нашчадкаў запусцелых сядзібаў часта вядуць з дапамогай РАУС, суда, суседзяў, знаёмых, публікуюць адпаведныя аб’явы. Сёлета ліквідавана 6 такіх хатаў і 13 падмуркаў (тое, што засталося ад былых сядзібаў) у вёсках Вялікае Гарадзішча, Завінне, Марынова. А сельгасугоддзі райаграсэрвіса павялічыліся на 15 гектараў. У выніку добраўпарадкавання вёсак Жарскія і Рачканы 3 гектары зямлі перададзены ў карыстанне СВК “Ляхавіцкі”.

На 5 гектараў павялічыліся плошчы сельгасугоддзяў СВК “Шлях новы” пасля рэкультывацыі нічыйных сядзібаў у Каранеўшчыне, на 4 гектары – у Тумашах. Гаспадары 72 пустуючых дамоў адшукваюцца. А вось у Вялікай Лотве з 15 такіх адрасоў засталося толькі 3: жыллё купілі перасяленцы.

У Залужжы (Крывошынскі сельсавет) рэкультываваныя ўчасткі былых сядзіб ператвараюцца ў сенакосы: перададзена гаспадарцы 7 гектараў угоддзяў. Паўгектара зямель ад дзвюх сядзібаў пустуюць у Заліпенні, палова ад рэкультываваных (знесена 5 сядзібаў) – у Шчэрбаве, есць пусткі ў Ліпску, Крывошыне.

Дарэчы, іменна ў СВК “Востраў-Агра”, “Ліпнянка”, ЗТАА ”БелДан”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” шмат не ўведзеных у севазварот земляў. Прычым, не толькі перададзеных сельвыканкамам адрэкультываваных пустак, але і тых, якія лічацца сельгасугоддзямі. А гэта недасеяныя гектары, недабранае зерне, неперазалужаныя сенакосы, якія шмат дзе параслі хмызняком. Нават шукаць не трэба нявыкарыстаных рэзерваў росту вытворчасці і эканомікі – яны навідавоку.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *