Кандыдацкі мінімум

Нядаўна прайшлі Алімпійскія дні моладзі Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы. Асабіста-камандныя спаборніцтвы 16-17-гадовых спартсменаў прымала лепшая сёння адкрытая лёгкаатлетычная арэна краіны гродзенскі стадыён “Нёман”. У складзе дружыны Брэсцкай вобласці выступаў ляхавічанін Дзмітрый Равінскі, які сёлета закончыў выпускны клас аблвучылішча алімпійскага рэзерву. Дзіма “стрэліў” дуплетам: выйграў забегі на дыстанцыях 1500 і 800 метраў. Паказаныя спартсменам на 800-метроўцы 1, 55, 06 мінуты з’яўляюцца “хутчэйшымі” за нарматыў кандыдата ў майстры спорту –1, 55, 24. З чым і віншуем.

Некалькі пазней ужо ў Брэсце ў рамках юніёрскага першынства Беларусі спаборнічалі 18-19-гадовыя лёгкаатлеты. Тут ужо ляхавіцкае прадстаўніцтва ў зборнай вобласці складалі Максім Падзіна і Аляксей Буйкевіч. Яшчэ адзін наш зямляк Дзмітрый Бацечка прадстаўляў на турніры сталічную каманду. У прызёры трапіла ўся тройка: Максім выйграў “ядро” і стаў другім сярод дыскаболаў, Аляксей станавіўся двойчы “бронзавым” у спаборніцтвах скараходаў, а Дзмітрый прынёс зборнай Мінска серабро ў бегу на 10 000 метраў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *