Аксіёма быцця: па літары закона. 26 чэрвеня- Дзень работнікаў пракуратуры

Штогод 26 чэрвеня работнікі пракуратуры адзначаюць прафесійнае свята. Нягледзячы на тое, што агульнае падвядзенне вынікаў работы за паўгоддзе праводзіцца пракуратурай у ліпені, ужо зараз можна гаварыць пра некаторыя вынікі нагляднай дзейнасці. На гэту тэму размова з пракурорам раёна Сяргеем ДЗЯЖКО.

– Сяргей Мікалаевіч, выніковасць пракурорскай нагляднай дзейнасці – гэта , у першую чаргу, выяўленыя парушэнні і адноўленыя страты ад гэтых парушэнняў…
– Работнікі пракуратуры правялі 12 праверак, у сувязі з выяўленымі парушэннямі заканадаўства ўнесена 10 прадстаўленняў у адрас кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, 35 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці. Пракуратура раёна прымяняла і іншыя меры рэагавання па выяўленых парушэннях. Прыклады? Калі ласка. У студзені гэтага года пракуратура правяла праверку ПМС. Устаноўлены факты непрыняцця належных мер да асоб, якія дапусцілі ўжыванне спіртных напіткаў у рабочы час, неразгледжання іх паводзін на пасяджэннях створанай на прадпрыемстве камісіі па барацьбе з п’янствам, парушэння працоўнага заканадаўства пры ажыццяўленні выплат работнікам. На прадпрыемстве не было забяспечана якаснае планаванне антыкарупцыйнай дзейнасці, а таксама не распрацаваны комплекс мер па прафілактыцы карупцыйных праяўленняў. Гэта прывяло да парушэння парадку афармлення абавязацельстваў, аказання бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, невыканання парадку правядзення закупак, набыцця тавараў, што не з’яўляюцца прадметам закупкі. Па выніках разгледжання прадстаўлення 7 службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, кампенсавана страта, прычыненая прадпрыемству ў суме 5 млн. рублёў.
– Такая трывожная з’ява, як падлеткавая злачыннасць, не можа не непакоіць…
– Гэта пытанне знаходзіцца пад пільнай увагай пракуратуры. Кожнае злачынства, учыненае непаўналетнім, з’яўляецца прадметам разгледжання ў пракуратуры раёна з мэтай высвятлення прычын і умоў супрацьпраўных паводзін падлетка. На сённяшні дзень адзначаецца зніжэнне злачыннасці непаўналетніх. Для замацавання станоўчай дынамікі, папярэджання падлеткавай злачынасці пракуратура раёна пастаянна праводзіць праверкі выканання заканадаўства аб непаўналетніх. Пры гэтым у першую чаргу звяртаем увагу на арганізацыю работы з імі аддзела ўнутраных спраў і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
– Чым адметныя звароты грамадзян, якія паступаюць у пракуратуру?
– Аднаўленне парушаных правоў грамадзяніна, абарона яго законных інтарэсаў з’яўляюцца асноўнай мэтай работы пракуратуры. Па колькасці паступіўшых у пракуратуру зваротаў у нейкай меры можна меркаваць пра стан законнасці ў раёне. Трэба адзначыць, што сёлета іх паступіла на 15 працэнтаў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У зваротах грамадзяне закраналі ў асноўным пытанні законнасці рашэнняў, прынятых раённым аддзелам унутраных спраў, выканання патрабаванняў працоўнага заканадаўства.
Напрыклад, работніка ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” пры звальненні не разлічылі. Наймальнік груба парушыў патрабаванні артыкула 77 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якім пры звальненні ўсе выплаты, якія належаць працаўніку ад наймальніка, робяцца ў дзень звальнення. Па патрабаванні пракуратуры разлік быў хутка зроблены, кіраўнік арганізацыі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 720000 рублёў.
– Ці можна гаварыць пра тыповасць крымінальных спраў, па якіх пракурорскія работнікі падтрымліваюць абвінавачванне ў судзе?
– На пракурорскіх работнікаў ускладзена падтрыманне дзяржаўнага абвінавачвання ў судзе па крымінальных справах. Сярод крымінальных спраў, што разглядаюцца ў судзе, асноўнае месца займаюць крадзяжы. У той жа час ёсць і справы рэдкай для раёна катэгорыі. Так, у гэтым годзе судом разгледжана справа па распаўсюджванні матэрыялаў парнаграфічнага характару ў сетцы інтэрнэт. Злачынца не ўлічыў, што размяшчэнне ў свабодным доступе нават на сваёй старонцы фота або відэа з элементамі парнаграфіі стварае састаў злачынства, за якое прадугледжана крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад 2 да 4 гадоў. Другі прыклад. Грамадзянка Т. ведала пра набыццё злачынным шляхам мабільнага тэлефона, але збыла яго іншай асобе. За гэта прыцягнута да крымінальнай адказнасці і ёй назначана пакаранне ў выглядзе арышту.
– Сяргей Мікалаевіч, 26 чэрвеня на календары – Дзень работнікаў пракуратуры. Са святам!
– Дзякуй. Гэта прафесійнае свята, таму хацелася б пажадаць работнікам пракуратуры здароўя, шчасця, прафесійнага росту і, канешне, поспехаў у службовай дзейнасці.
Гутарыла Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *