Зона павышанай небяспекі

Сёлета на аб’ектах чыгуначнага транспарту зарэгістраваны 24 няшчасныя выпадкі, у якіх 16 чалавек загінулі і 8 атрымалі траўмы. На жаль, 3 выпадкі са смяротным траўмаваннем адбыліся з дзецьмі. Адна з галоўных прычын трагедый – незахаванне правіл паводзін на аб’ектах чыгуначнага транспарту.
Дзеці не ўсведамляюць ступені небяспекі, якая часам можа закончыцца сумна. Аднойчы вечарам 7-гадовы Максімка з Ганцавіч, які застаўся без нагляду бацькоў, вырашыў пакатацца на веласіпедзе па пероне станцыі. На вачах пасажыраў прыбыўшага дызельнага поезда ён упаў пад колы цягніка, які пачаў рухацца…
Часта людзі задаюць пытанне: маўляў, няўжо лакаматыў не можа спыніцца своечасова? Пры ўсім жаданні – не можа, хоць амаль заўсёды прымяняецца экстранае тармажэнне. Але сучасны грузавы састаў мае да сотні вагонаў і скорасць 70-80 кіламетраў у гадзіну, а пасажырскі – да 100 і больш кіламетраў у гадзіну. Яго тармазны шлях складае тысячу і больш метраў. Для інфармацыі: цягнік, які рухаецца са скорасцю 80 кіламетраў у гадзіну, за адну секунду праязджае 22 метры. Значыць, калі пешаход знаходзіцца на пуцях на адлегласці 100 метраў, то цягнік акажацца ля яго менш, чым праз 5 секунд. Пасажырскі праімчыць гэтую адлегласць за 3 секунды. Варта задумацца…
Работнікі АУС на транспарце многае робяць, каб не дапускаць трагедый. Толькі з пачатку года было выяўлена 46 фактаў парушэнняў правіл пераходу чыгункі непаўналетнімі.
Патрэбна сказаць, што чыгункі не тояць небяспекі для тых, хто захоўвае правілы, вядзе сябе ўважліва, асцярожна, дысцыплінавана. Хачу найперш звярнуцца да вас, рабяты. Памятайце, што асноўныя патрабаванні правіл зусім не складаныя: пераходзіць пуці трэба толькі ва ўстаноўленых месцах – па пешаходных мастах, пераходах, насцілах; забараняецца падлазіць пад вагоны; пераход дазволены толькі пры адкрытым шлагбаўме; вечарам і ноччу трэба выкарыстоўваць святлоадбівальныя элементы (флікеры). Наогул, хадзіць па пуцях, гуляць паблізу чыгуначнага палатна забараняецца.
Міхаіл КАЛЕЙНІК, начальнік лінейнага пункта Баранавіцкага аддзела ўнутраных спраў на транспарце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *