Сустрэнемся ля Трох клёнаў. Мікратапонімы вёскі Рагачы

У пяці кіламетрах ад Тухавіч – на поўдзень – размешчана вёска Рагачы. Чаму так назвалі вёску, дакладна ніхто не ведае, легенды гавораць рознае. Адна з версій: вельмі даўно нашы продкі апрацоўвалі зямлю драўлянымі плугамі, якія ўяўлялі сабой простую рагаціну. I называліся яны рагачы. Адсюль і назва. Паводле другой легенды, некалі тут раслі вялізныя дрэвы з магутнымі каранямі. Дрэвы спілоўвалі, а карані выкарчоўвалі, і яны валяліся на полі. У той час карані называлі рагачамі. Тады людзі гаварылі: “Паехалі ў рагачы”. 3 тых часоў людзей, якія тут пасяляліся, сталі называць рагачоўцамі, а вёска атрымала адпаведную назву. Верагодна, спрычыніўся да
гэтага чалавек па прозвішчы Рагач, які пасяліўся ў гэтым месцы. А, магчыма, вёска мае назву-арыенцір: пасяленне на рагу, ля павароту дарогі, краю лесу, ракі.
З чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 года Рагачы былі акупіраваны фашысцкімі захопнікамі, якія ў сакавіку 1943 і чэрвені 1944 спалілі 63 двары, загубілі 15 жыхароў. У 1941 годзе каля вёскі Рагачы фашыстамі быў збіты савецкі самалёт. Лётчык загінуў, жыхары яго пахавалі недалека ад месца падзення самалёта. Потым там сталі хаваць сваіх аднавяскоўцаў: так узніклі могілкі, якія размешчаны пры ўездзе ў вёску, ля самай шашы.

Пасля вайны вёска адбудавалася. Зараз у ёй тры вуліцы: Савецкая, Партызанская, Школьная. Праўда, самой школы ўжо няма.

Любімым месцам моладзі і дарослых з’яўляецца мясціна, што называецца “Тры клёны”. Тут растуць тры вялікія клёны паблізу адзін да аднаго і ўтвараюць жывую альтанку. Клёнам больш за 70 гадоў, яны памятаюць вайну.

Недалёка ад вёскі знаходзіцца ўрочышча “Астравок”. Раней кругом было балота, а гэтае месца, на якім раскінулася поле, узвышалася над ім. І сталі яго называць астраўком. Цяпер там расце лес і няма ніякага балота.

Амаль ля самай вёскі працякае рака Мышанка. Адносна назвы таксама існуюць легенды. Адна распавядае, што даўным-даўно ў вёсцы жыла дзяўчына. Яе звалі Мышанка. Палюбіла яна сына злоснай Ведзьмы, якая была супраць іх кахання. Аднойчы Мышанка сядзела на беразе. Злосная і вераломная Ведзьма падкралася да Мышанкі, накінула ёй на шыю вяроўку з прывязаным камянём, які кінула ў ваду. Камень пацягнуў дзяўчыну за сабой. Адзін хлопчык усё гэта бачыў і расказаў жыхарам вёскі. Ведзьму пакаралі, а раку, у якой утапілася дзяўчына, назвалі ў яе памяць Мышанкай.

Другая легенда гаворыць, быццам аднойчы рыцар Вялікага княства Літоўскага ехаў на кані і ўбачыў на беразе ракі дзяўчыну. Яна яму вельмі спадабалася, і рыцар спытаўся, як яе імя. Дзяўчына адказала: Мышанка. Тады ён спешыўся з каня і хацеў прыгажуню забраць з сабой, але тая скочыла на каня і паімчалася, рыцар – за ёю. Дзяўчына ўбачыла, што рыцар даганяе, кінулася ў раку са словамі: “Лепш загінуць, чым быць зняслаўленай”. 3 тых пор раку сталі называць Мышанкай. Гэту легенду ў вершах можна знайсці ў творах Яна Чачота. Дзяцінства пісьменніка прайшло ў маёнтку Рэпіхава Ляхавіцкага раёна і ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна.

О, мілы ўспамін!

Дарагая Мышанка!

Зноў снішся ты

ў барве заранак.

Найпершая ў свеце

мая ты каханка,

Прамільгнуў тут

жыцця майго ранак.

Ян Чачот “Мышанка”.

Трэцяя версія паходжання назвы ракі наступная. Невялікая рэчка па берагах багатая на мышыныя норы. Раней па ёй сплаўлялі лес. Калі працаваў леспрамгас, па рацэ хадзілі невялікія катары. А ў раёне вёскі Востраў была пабудавана электрастанцыя. Тут да 70-х гадоў мінулага стагоддзя працаваў вадзяны млын. Цякла Мышанка па надзвычай забалочаных мясцінах, аднак даволі хуткаплынна. Вада ў ёй была крыштальна чыстай. Старажылы сцвярджаюць, што ў Мышанцы вадзілася 24 віды рыбы. У 30-я гады ХХ стагоддзя заплывала “царская” рыба – фарэль.

Матэрыял сабрала Тамара ВАСЬКО,

в. Тухавічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *