Было гэта 74 гады назад…

Зорачка над абеліскам. Гэта не легенда – гэта гісторыя. Гісторыя гераічная і балючая: гераічная, таму што расказвае пра подзвіг, балючая – таму што подзвіг каштаваў жыцця савецкаму лётчыку, які змагаўся з фашыстамі. Было гэта ў першыя дні вайны, дакладней 24 чэрвеня 1941 года. Звернемся да кнігі “Памяць. Ляхавіцкі раён”: “Памочнік камандзіра 39-га авіяпалка бамбардзіроўшчыкаў капітан Анатолій Антонавіч Заяц вёў дзявятку самалётаў, каб знішчыць праціўніка, які рухаўся па шашы Брэст – Масква. Яны зайшлі з захаду, нанеслі бомбавы ўдар па ворагу паміж ракой Шчара і вёскай Завінне і пачалі адыход у напрамку Пінска. Нашы самалёты ляталі без прыкрыцця знішчальнікаў, і калі нечакана з’явіліся “месершміты”, то адразу завязаўся няроўны бой. Адзін з нашых самалётаў загарэўся і ўпаў ва ўрочышча Ячань. Яшчэ два самалёты былі падбіты каля вёскі Свяціца, але лётчыкі сумелі пасадзіць машыны на балоце. Прозвішчы іх нам пакуль невядомы. Адзін з самалётаў удала прызямліўся каля вёскі Тухавічы. Пілот быў паранены ў плячо. Рану яму апрацавалі і перавязалі медыкі Крывошынскай участковай бальніцы. Лётчык падзякаваў за дапамогу і накіраваўся ў бок станцыі Буды. Каля вёскі Рагачы сеў падбіты самалёт. Да яго збегліся людзі, дапамаглі экіпажу пакінуць самалёт, а праз некалькі хвілін узарваўся бензабак. Адзін з лётчыкаў быў мёртвы. Таварышы назвалі яго прозвішча – Кучарэнка Іван (Аляксей) Паўлавіч. Жыхары вёскі пахавалі яго на могілках, паставілі помнік. Два іншыя лётчыкі былі цяжка паранены. У камандзіра экіпажа (назваўся Паўлавым) былі пераломы рук і ног, абпалены твар і грудзі. Мясцовыя жыхары перавязалі раны, каб спыніць крывацёк, і даставілі лётчыкаў у Ганцавічы”.

Магіла лётчыка Кучарэнкі знаходзіцца ў вёсцы Рагачы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *