Куточак сэрцу дарагі

Далёкае мінулае і дзень сённяшні сустрэліся на свяце вёскі Малое Гарадзішча “Куточак сэрцу дарагі”.
Наша вёска – старая і маладая. Старая, бо мае даўнюю гісторыю. Маладая, бо ў 2006 годзе набыла статус аграгарадка, абнавілася, папрыгажэла. Сёння ў Малым Гарадзішчы пражывае 351 жыхар. Самыя старэйшыя – 90-гадовыя Надзея Грынько і Любоў Бесарабава, а самы малодшы – 8-месячны Стасік Сакуць.
Ганаровымі гасцямі на свяце былі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Віхноўскі, былыя вязні фашысцкіх канцлагераў Яўгенія Кудзін і Таццяна Віхноўская. Вяскоўцы віталі і юбіляраў, якія сёлета адзначылі залатыя вяселлі – Марыю і Анатолія Шышкутовых, Ганну і Іосіфа Віхноўскіх.
На свяце ўшаноўваліся таксама сем’і Валянціны і Сяргея Зубікаў, Кацярыны і Юрыя Захаранковых, у якіх выхоўваюцца не толькі ўласныя дзеці, але і прыёмныя.
Словы шчырай удзячнасці гучалі ў адрас землякоў – лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі Анатолія Лешыка, Валянціна Карпейчыка, Людмілы Цімашчук, Яніны Татарыновіч, Аляксандра Грынько, Анатолія Ліхача.
Прыемна, што актыўны ўдзел у жыцці вёскі прымаюць юныя. Таму на свяце цёплыя словы былі адрасаваны і ім – Галі Прыступчык, Каці Патоцкай, Алёне Пляшэвіч, Дзянісу Лешыку, Мішу Наскаўцу, Насці Мядзведзевай, Кірылу і Косцю Касабуцкім, Юлі Юрчык, Віцю Касабуцкаму. Гэтыя рабяты – пастаянныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.
Свята вёскі ўпрыгожыла выстава творчасці дзвюх вельмі таленавітых жанчын – выхавальніцы дзіцячага садка Валянціны Катко і пенсіянеркі Веры Лешык, якія ўласнымі рукамі ствараюць сапраўдныя цуды.
Наогул, да свята рыхтаваліся ўсе малагарадзішчанцы. Стваралі ўтульнасць і прыгажосць на вуліцах, у сваіх дварах, каб наша вёска стала яшчэ больш прывабнай і чыстай.
Вельмі стараліся стварыць і падтрымаць святочны настрой у сваіх аднавяскоўцаў работнікі Малагарадзішчанскага СДК і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Таццяна Лешык, Валянціна Карповіч, Ніна Гасціла, Ларыса Лешык, Кірыл Касабуцкі. Дапамаглі ім у гэтым самадзейныя артысты з Альхоўскага СДК Вольга Дрозд і Дзіма Бортнік.
Дарэчы, у тым што свята атрымалася сапраўды цудоўным, вялікая заслуга спонсараў – ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” на чале з дырэктарам Рамуальдам Сладзінскім і індывідуальнага прадпрымальніка Іны Русакевіч.
Міхаіл КАРПОВІЧ, дырэктар Малагарадзішчанскага СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *