Квітней, Беларусь! Ляхавіччына адзначыла Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь /фота/

У  адзіным памкненні з усёй краінай, шчыра і шчымліва, прыгожа і радасна Ляхавіччына адзначыла галоўнае дзяржаўнае свята. Дзень 3 ліпеня, што ў далёкім 1944-ым прынёс беларусам вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, па волі народа 19 гадоў назад стаў Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Набліжэнне галоўнай даты праяўлялася ў настроі, размовах, планах землякоў, у новых фарбах, што расквецілі гарадскія вуліцы і плошчы. Іменна трэці дзень ліпеня стаў сёлета ці не першым па летняму спякотным.

Нямнога за поўдзень усё больш ярка і інтэнсіўна пачаў вымалёўвацца эпіцэнтр урачыстасцяў. Горад Ляхавічы, плошча Перамогі. Ля падножжа помніка загінуўшым воінам піянеры і вайскоўцы ў ганаровай  варце. Вечны агонь  як сімвал вечнай памяці. Стрыманая ўзрушанасць у паводзінах людзей. Канешне, галоўнымі героямі свята былі і будуць ветэраны і ўдзельнікі вайны.

Фанфары абвясцілі аб пачатку мітынгу, прысвечанага Дню Рэспублікі  “Квітней, мая Беларусь!”. Цішыню разрываюць залпы ружэйнага салюта. На гэтым урачыстым фоне да помніка ўскладаюцца зялёныя гірлянды, вянкі, кветкі. Мінута маўчання – як даніна памяці загінуўшым.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч шчыра павіншаваў землякоў з Днём Незалежнасці.

Людзі з’яўляюцца галоўным багаццем нашага грамадства, нашай краіны. Ужо можна лічыць добрай раённай традыцыяй ушанаванне ў гэты дзень лепшых працаўнікоў раёна. Спецыяльнай прэміяй райвыканкама ”Чалавек года” былі адзначаны тыя, хто дасягнуў асаблівых  поспехаў у прафесіі, грамадскай дзейнасці. У намінацыі “прамысловасць” “Чалавекам года” стаў дырэктар СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” Вячаслаў Жукоўскі, у намінацыі “адукацыя” званне атрымала намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Святлана Ермаковіч, “Чалавекам года” ў аграпрамысловым комплексе прызнаны дырэктар ДП “Нача” Мікалай Тарлюк, у намінацыі “культура і мастацтва” – настаўніца Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Людміла Жукава і мастацкі кіраўнік Навасёлкаўскага СДК Таццяна Пішч. Старшы інспектар групы тылавога забеспячэння РАУС Дзмітрый Чаркас стаў “Чалавекам года” ў намінацыі “закон і парадак”, а начальнік Ляхавіцкай ПМК-13 Міхаіл Шэйда – у намінацыі “будаўніцтва”. Дыпломы лаўрэатаў прэміі “Чалавек года” ўручыў землякам старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.

Летась у цэнтры горада была ўсталявана раённая Галерэя славы. Высокія паказчыкі ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё галіны сталі падставай для занясення на Галерэю 21 прадстаўніка самых розных прафесій і 3 калектываў.

Непрацяглае меладычна-дынамічнае выступленне духавога аркестра 4-й асобнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, здаецца, было б правільна назваць плац-канцэртам. Перастраенні вайсковых аркестрантаў на фоне бадзёрых мелодый заслужылі шчырыя апладысменты. Урачыстым маршам прайшлі парадныя “каробкі” вайскоўцаў Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны краіны. Трымаючы строй і раўненне – у гонар Беларусі.

Святкаванне перанеслася на вуліцы горада, плошчу Леніна, у парк адпачынку на вуліцу Дзесюкевіча, спарткомплекс “Колас”. На свой густ і па інтарэсах – так можна абазначыць агульную канцэпцыю святочнага дня. Паркавыя атракцыёны і не толькі забяспечвалі цікавае правядзенне часу  дзецям. Плошча ператварылася ў канцэртную пляцоўку, стадыён запрасіў аматараў спорту і прыхільнікаў спартыўных відовішчаў. Ну і гандлёвым радам рэдкі наведвальнік не скарыстаўся і не парадаваўся.

Вячэрняя частка святкавання мела свае перавагі. Падцягнулася публіка, вельмі душэўна, духоўна, натхнёна і ва ўсіх сэнсах па-беларуску прагучаў тэатралізаваны канцэрт “Я ганаруся табой, Белая Русь!”. Галоўным і самым гучным акордам стала ўсеагульнае выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. “Мы – беларусы” ва ўнісон усёй краіне неслася над Ляхавічамі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *