Дом для вялікай сям’і

Сям’я. Такое кароткае, знаёмае і, здавалася б, простае слова. Але як яно важна, значна і неабходна для кожнага чалавека. Сям’я — гэта сапраўднае шчасце, падтрымка, клопат, надзея і любоў, тое, што аб’ядноўвае, дапамагае і ўзбагачае, натхняе і радуе.
Але, на жаль, здараецца і так, што сям’я распадаецца, і тады вельмі цяжка жыць у адзіноцтве нават даросламу чалавеку, што ўжо гаварыць пра дзяцей. Нават цяжка ўявіць, наколькі ім страшна, няўтульна, адзінока застацца сам-насам з сабой, з хай нават простымі дзіцячымі праблемамі. Так, дзяржава клапоціцца пра дзяцей, якія засталіся па розных прычынах без бацькоўскай апекі і падтрымкі. Такія хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў дамах дзіцяці, дзе з імі працуюць педагогі і псіхолагі, выхавальнікі. Але нішто не заменіць сям’ю. Таму апошнім часам у Беларусі сталі ўсё часцей арганізоўвацца дамы сямейнага тыпу. Да нядаўняга часу на Ляхавіччыне быў усяго адзін такі дом.
І вось прыемная навіна. На свяце, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў ключы ад новенькіх дамоў прыёмным бацькам — ляхавічанам Аляксандру і Святлане Страмавусам і Сяргею і Лідзіі Канапельчанкам. Зусім хутка гэтыя сем’і, якія ўзялі на выхаванне па 8 дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі, справяць наваселлі ў вёсцы Вялікая Лотва.
А пакуль у новабудоўлях (на будаўніцтва дамоў было выдаткавана 952 мільёны рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў) усё даводзіцца да ладу, завозіцца новая мэбля, праводзяцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол. Робіцца ўсе, каб рабяты жылі ў спрыяльных умовах, а прыёмныя бацькі прыкладуць усе намаганні, каб хлопчыкі і дзяўчынкі адчулі сябе тут па-сапраўднаму шчаслівымі і знайшлі сваю сям’ю.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *