Сесія выйшла на вучэнні. У школу. На парадку дня чарговай сесіі Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў абмяркоўваўся стан работы па забеспячэнні бяспечнага жыцця і працоўнай дзейнасці насельніцтва рэгіёна

Сёлета ў раёне адбылося 16 пажараў, з якіх 14 – у сельскай мясцовасці. 2 чалавекі загінулі. У сярэднім па вобласці на 10 тысяч насельніцтва рэгіструецца 3,4 пажара, па краіне – 2,9, у нас – 6, раён “абганяе” многія і па колькасці загінуўшых у агні. Павелічэнне колькасці пажараў зарэгістравана ў Альхоўскім, Начаўскім, Навасёлкаўскім сельсаветах.

Невыпадкова на парадку дня чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў абмяркоўваўся стан работы, якая праводзіцца раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях сумесна з зацікаўленымі службамі выканаўчых і распарадчых органаў улады, органамі грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання раёна па забеспячэнні бяспечнага жыцця і працоўнай дзейнасці насельніцтва рэгіёна, фарміраванні культуры бяспекі жыццядзейнасці. Справаздачу трымаў начальнік РАНС Валерый Равінскі.

Як адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, нягледзячы на зусім неаптымістычныя лічбы статыстыкі, сітуацыя з пажарамі на Ляхавіччыне ўсё ж крыху палепшылася ў параўнанні з папярэднімі гадамі.

За 5 месяцаў сёлета супрацоўнікі РАНС сумесна са спецыяльна створанымі ў сельвыканкамах камісіямі абследавалі 2896 домаўладанняў і кватэр (пятую частку ад усяго жыллёвага фонду), асаблівая ўвага звярталася на мнагадзетныя сем’і, адзінокіх і адзінокапражываючых пажылых грамадзян, тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. Супрацьпажарны лікбез прайшлі больш за 6000 грамадзян.

Штогод інспектары РАНС сумесна з супрацоўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва абследуюць умовы жыцця інвалідаў, адзінокіх пенсіянераў. Сёлета па выніках абследавання запланавана правесці рамонт пячнога ацяплення і электраправодкі. На гэтыя мэты выдаткоўваюцца сродкі з мясцовага бюджэту. Аднак запатрабаваны яны пакуль па адным адрасе. Валерый Равінскі адзначыў пасіўнасць сельвыканкамаў у гэтым пытанні.

Інспектары дзяржпажнагляду праверылі 19 суб’ектаў гаспадарання. Выдадзена 82 прадпісанні аб неабходнасці ўхілення парушэнняў супрацьпажарнай бяспекі, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 8 кіраўнікоў і 17 службовых асоб (агульная сума штрафаў – 11,7 мільёна рублёў). Дзякуючы наглядным мерапрыемствам, ухілены парушэнні на льнозаводзе (адноўлена сістэма апавяшчэння ў старым цэху, зманціраваная ў 2011 годзе, якая была выведзена з эксплуатацыі па прычыне халатных адносін), торфабрыкетным прадпрыемстве (адрамантавана аўтаматычная пажарная сігналізацыя).

Часцей за іншых парушаюць супрацьпажарны рэжым у СВК “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, “Тальмінавічы”: адзначаюцца неўкамплектаванасць першаснымі сродкамі пажаратушэння, няспраўная маланкаахова, ігнараванне правілаў эксплуатацыі цеплагенерыруючых агрэгатаў.

Больш за 50 будынкаў на тэрыторыі вёскі Свяціца, былой кацельні аграгарадка Ліпск цяпер не выкарыстоўваюцца. Дагэтуль не прыняты меры па абмежаванні доступу сюды пабочных асоб.

Сапраўднай дапамогай для выратавальнікаў сталі добраахвотныя пажарныя каманды, на ўзбраенні якіх пажарныя машыны і прыстасаваная тэхніка для ліквідацыі ўзгаранняў. Такія дзейнічаюць на льнозаводзе, торфабрыкетным заводзе і ў СВК “Жарабковічы”. Сёлета з абласнога ўпраўлення МНС нядаўна створанай у СВК “Тальмінавічы” добраахвотнай дружыне перададзена пажарная машына, сродкі тушэння і спецадзенне.

Яўгеній Юрлевіч падкрэсліў, што старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў і кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў і арганізацый недапрацоўваюць у рабоце з насельніцтвам па прафілактыцы пажараў і іншых надзвычайных сітуацый.

На неабходнасць узмацнення кантролю з боку кіраўнікоў і адказных асоб прадпрыемстваў за супрацьпажарным станам на падведамасных аб’ектах, стварэння бяспечных умоў для працы і адпачынку насельніцтва, у тым ліку ў аздараўленчых летніках, навучальных установах, звярнуў увагу дэпутатаў, усіх удзельнікаў сесіі старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.

Удзельнікі сесіі сталі сведкамі зладжаных прафесійных дзеянняў выратавальнікаў падчас ліквідацыі задымлення ў СШ № 1, эвакуацыі з будынка людзей (канешне, гэта былі толькі вучэнні). Зацікаўлена знаёміліся з пажарнай тэхнікай.

Выратавальнікі Асвода, якія дзяжураць у зоне адпачынку ў райцэнтры, прадэманстравалі прыёмы аказання першай медыцынскай дапамогі. Паказалі новую лодку, якую станцыя атрымала сёлета.

У рашэнні сесіі канкрэтызаваны меры па забеспячэнні бяспекі жыцця і працы насельніцтва. Сярод іх –павелічэнне колькасці добраахвотных пажарных каманд і сезонных выратавальных пастоў, укамплектаванне іх неабходнай тэхнікай і інвентаром, рэгулярная вучоба кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый па пытаннях працоўнага заканадаўства і аховы працы. Большую выніковасць павінны мець рэйды па выяўленні будынкаў, якія не эксплуатуюцца, выкарыстоўваюцца незаконна ці не па прызначэнні. У цэнтры ўвагі сельвыканкамаў, ТЦСАН – адзінокія састарэлыя грамадзяне і інваліды, якім неабходны догляд. На асаблівым кантролі ў супрацоўнікаў РАУС абавязаны быць месцы масавага адпачынку, асабліва каля вадаёмаў, бо большасць трагічных выпадкаў на вадзе адбываецца па прычыне п’янства.

На сесіі разгледжаны і іншыя пытанні, па ўсіх прыняты рашэнні, абавязковыя да выканання.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *