Юбілей для падатковай. Падатковая служба краіны святкуе сёлета свой 25-ы дзень нараджэння

Разам з прафесійным святам, што адзначаецца ў другую нядзелю ліпеня, падатковая служба краіны святкуе сёлета свой 25-ы дзень нараджэння.

Галоўны клопат службы – своечасовае і ў поўным аб’ёме паступленне грошай у бюджэт. Гэта дазваляе атрымаць дадатковыя магчымасці, напрыклад, для павелічэння заработнай платы бюджэтнікаў, пенсій, дапамог, фінансавання будаўніцтва жылля, дарог, газаправодаў, камунікацый і г.д.

Пад пастаянным кантролем інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ляхавіцкім раёне – 365 арганізацый, 360 індывідуальных прадпрымальнікаў. Дапамагаюць папаўняць бюджэт і 14,5 тысячы фізічных асоб. За паўгоддзе ў раённы бюджэт паступіла 54,5 мільярда рублёў.

Улік падаткаў і іх налічэнне, прыём і апрацоўка дэкларацый, праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасці ўстаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, прыцягненне да адказнасці нядобрасумленных падаткаплацельшчыкаў – не поўны пералік работы, якую выконваюць падаткавікі.

Начальнік райінспекцыі Анатолій Жабік з павагай гаворыць пра кожнага з 17 сваіх падначаленых. Ёсць сярод іх і маладыя спецыялісты, і тыя, хто ў службе (як і начальнік) з моманту яе заснавання: Зінаіда Шпак, Галіна Масейчык, Жанна Дыдышка.

Лепшых з лепшых супрацоўнікаў падатковых органаў вобласці на гэтым тыдні ўшаноўвалі ў Брэсце. Сярод узнагароджаных і ляхавічане. Падзяку міністра па падатках і зборах за добрасумленную і эфектыўную работу і ў сувязі з 25-годдзем службы атрымала галоўны дзяржаўны падатковы інспектар Жанна Дыдышка (на здымку). Ганаровыя граматы ІМПЗ па Брэсцкай вобласці ўручаны намесніку начальніка аддзела ўліку падаткаў, справаздачнасці і эканамічнага аналізу Валянціне Варанчак, галоўнаму дзяржаўнаму падатковаму інспектару Галіне Масейчык і намесніку начальніка аддзела падаткаабкладання арганізацый і іншых даходаў Зінаідзе Шпак.

Дарэчы, па выніках работы за мінулы год ляхавіцкая райінспекцыя заняла трэцяе месца сярод аналагічных падраздзяленняў Брэстчыны. А яшчэ на яе рахунку трэцяе месца ў абласным конкурсе кнігі-летапісу, прысвечанай 25-годдзю падатковай службы краіны.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея  ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *