Кусаюцца, аднак…

З кожным годам усё актыўней і нахабней вядуць сябе кляшчы: на Брэстчыне сёлета першы ўкус зарэгістраваны 1 сту-дзеня, у лютым было ўжо трое пацярпелых. Гэтыя насякомыя з’яўляюцца пераносчыкамі небяспечных хвароб – клешчавога энцэфаліту і Лайм-барэліёзу. Хвароба Лайма (а яе пераносчыкамі аказалася каля паловы правераных на Брэстчыне крывасмокаў) характарызуецца парушэннямі апорна-рухальнай, сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм.

Небяспечны “сюрпрыз” можна атрымаць падчас наведвання дачы, выгулу сабак, прагулак у парках і скверах і, канешне ж, пасля ціхага палявання за ягадамі і грыбамі ў лесе. Заразіцца можна таксама, калі вірус трапляе на слізістыя абалонкі праз забруджаныя пасля раздушвання кляшча рукі, пры ўжыванні сырога казінага малака. Гаспадарам, якія трымаюць коз, непажадана пасвіць іх у лясной зоне, малако неабходна ўжываць толькі кіпячонае.

У нашым раёне асаблівая актыўнасць кляшчоў зарэгістравана ў маі-чэрвені. За медыцынскай дапамогай ужо звярнуліся 47 гараджан і вяскоўцаў. Кляшчы часцяком “палююць” у дварах дамоў, садзе, агародзе — там, дзе несвоечасова скошваецца трава, добраўпарадкуецца тэрыторыя. Таму, каб не стаць ахвярай гэтых насякомых, займіцеся прафілактыкай, навядзіце парадак на сваіх прысядзібных участках. І не забывайце пра іншыя меры перасцярогі.

Існуе памылковае меркаванне, што кляшчы “падаюць” на нас з дрэў. Гэта не так. На справе яны могуць падымацца на вышыню да метра на траву ці кустоўе, дзе і чакаюць сваю ахвяру — людзей ці жывёл. Таму, ідучы ў лес, парк, сад, апранайце адзенне, якое шчыльна прылягае да цела, рэгулярна аглядвайце сябе і тых, хто побач. Паўтарыце працэдуру, вярнуўшыся дамоў. Калі ўкусу не ўдалося пазбегнуць, абавязкова звярніцеся за медыцынскай дапамогай. Спецыялісты прафесійна дастануць насякомае і прызначаць лячэнне для экстраннай прафілактыкі клешчавых інфекцый.

Віталій ЦІХАНАЎ,

галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *