Малыя, але алімпійскія

У аздараўленні маюць патрэбу ўсе дзеці, тым больш рабяты з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Менавіта для іх на базе цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі на працягу некалькіх гадоў працуе летні аздараўленчы лагер “Усмешка”. З выхаванцамі штодзень – таленавітыя і апантаныя сваёй справай педагогі, якія вядуць хлопчыкаў і дзяўчынак сцяжынкамі дабрыні, запальваюць у іх агеньчык цікаўнасці і веры ў сябе.

Сярод шматлікіх захапляльных мерапрыемстваў ва “Усмешцы” асаблівае месца займалі спартыўна-масавыя — надзвычай важныя для падапечных ЦКРНіР. Для дзяцей з цяжкімі і множнымі псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі ў развіцці на базе СШ №1 праводзіліся малыя алімпійскія гульні. З нашай спаборнічалі каманды летніх аздараўленчых лагераў Івацэвіцкага і Бярозаўскага цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі “Васількі” і “Смяшарыкі”.

Дарэчы, напярэдадні, падчас дзён, прысвечаных здароваму ладу жыцця, выхавальнікі “Усмешкі” расказвалі рабятам пра гісторыю алімпійскага руху, алімпійскія віды спорту і знакамітых спартсменаў, афармлялі эмблемы каманды і спартыўныя паштоўкі “Пажадай перамогі алімпійцу”. Так што да конкурсаў падышлі, можна сказаць, у поўным узбраенні.

Урачыстае адкрыццё з унясеннем алімпійскага агню і алімпійскага сцяга, прывітальнае слова дырэктара Ляхавіцкага ЦКРНіР Наталлі Маслоўскай настроілі ўдзельнікаў гульняў на спаборніцтва. На спартыўных пляцоўках хоць і адчуваўся дух саперніцтва, але панавала атмасфера сяброўства. Побач з юнымі ўдзельнікамі малых алімпійскіх гульняў былі валанцёры з дзіцячага аздараўленчага лагера СШ № 1 са сваімі педагогамі, спецыялісты цэнтра, якія дапамагалі маленькім алімпійцам выконваць практыкаванні, арыентавацца на спартыўнай пляцоўцы.

Добры настрой падтрымлівалі музычныя нумары, падрыхтаваныя зноў жа выхаванцамі школьнага летніка і Бярозаўскага ЦКРНіР.

Яркай падзеяй стала ўзнагароджанне ўдзельнікаў конкурсаў медалямі “За поспехі ў спорце” і ўручэнне прызоў. Але галоўным падарункам, безумоўна, стала мора станоўчых эмоцый.

Галіна БУСЬКО,

начальнік летняга аздараўленчага лагера.

“Усмешка”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *