Не назіральнікі, а гаспадары. У Ганчароўскім сельскім Савеце прайшла чарговая сесія дэпутатаў

Падчас сесіі

На парадку дня чарговай сесіі дэпутатаў Ганчароўскага сельскага Савета, у якой прыняў удзел старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, разглядаліся 2 пытанні. Справаздачу аб рабоце Ганчароўскага сельвыканкама па вырашэнні пытанняў развіцця сацыяльнай сферы, жыццязабеспячэння насельніцтва і добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў рабіў яго старшыня Уладзімір Плескацэвіч. Тэрыторыя Ганчароўскага сельсавета аб’ядноўвае 26 населеных пунктаў з 1936 жыхарамі. Інфраструктура прадстаўлена 2 сярэднімі школамі, дзіцячым садком, 3 паштовымі аддзяленнямі, аддзяленнем ашчадбанка, працуюць 2 сельскія Дамы культуры і Гайнінецкі Дом народнай творчасці, 3 ФАПы і Савейкаўская ўрачэбная амбулаторыя, комплексны прыёмны пункт і 7 магазінаў. У чэрвені ў Ганчарах адкрыўся дом сумеснага пражывання для пажылых грамадзян і інвалідаў.

Эканамічная аснова сельсавета – СВК “Ляхавіцкі” і “Тальмінавічы”, на мясцовых землях працуюць таксама райаграсэрвіс, ільнозавод, фермерская гаспадарка, якія разам з выканкамам аказваюць грамадзянам дапамогу ў вырашэнні шматлікіх пытанняў, у тым ліку – з апрацоўкай прысядзібных участкаў, закупам лішкаў сельгаспрадукцыі з уласных падвор’яў і г. д.

Інтарэсы сваіх землякоў актыўна прадстаўляюць 13 старастаў. Яны ўдзельнічаюць у рабоце сесій, задзейнічаны ва ўсіх мерапрыемствах, што праходзяць на падведамаснай тэрыторыі, але асноўная іх дзейнасць, як расказаў Уладзімір Плескацэвіч, накіравана на работу з насельніцтвам: падворныя абходы з мэтай навядзення парадку, наведванне адзінокіх старых і неўладкаваных сем’яў, дапамога з дастаўкай паліва, кантроль за работай вулічнага асвятлення і многае іншае.

З пачатку года на тэрыторыі сельсавета выкананы значны аб’ём работ па добраўпарадкаванні. Знесена 12 пустуючых дамоў, ліквідавана 11 несанкцыянаваных сметнікаў. Арганізаваны суботнікі ў Тальмінавічах, Куршынавічах, Ганчарах, Гайнінцы, Мядзведзічах і Старых Будах. Выкананы іншыя работы для таго, каб населеныя пункты сельсавета набылі больш дагледжаны выгляд. Спільванне аварыйных дрэў і высечка кустоўя, рамонт і замена агароджы, абкошванне тэрыторыі – няпоўны пералік таго, што перыядычна робіцца на 9 могілках, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Сельвыканкам не пакідае без увагі нядбайных гаспадароў: накіроўвае прадпісанні аб неабходнасці ўхілення парушэнняў, навядзення належнага санітарнага парадку. У рабоце з насельніцтвам задзейнічаны ўсе 13 дэпутатаў сельскага Савета.

Другім пытаннем на парадку дня была справаздача аб дзейнасці дэпутата па Ганчароўскай выбарчай акрузе Станіслава Жагуня. Ён расказаў пра надзённыя праблемы, якія хвалююць землякоў.

Старшыня райсавета Яўгеній Юрлевіч станоўча ацаніў намаганні па добраўпарадкаванні тэрыторыі сельсавета, адначасова абазначыўшы кола праблем, якія патрабуюць пільнай увагі: неабходнасць уключэння ў севазварот пустуючай зямлі, павышэння культуры земляробства.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна нагадаў, што важна ў спякотнае надвор’е не дапусціць пажаранебяспечнай сітуацыі. А для гэтага трэба, каб кожны быў гаспадаром на сваёй зямлі, ведаў не толькі свае правы, але і абавязкі. Растлумачальную работу з насельніцтвам павінны праводзіць і дэпутаты, і старасты.

Да кожнай прапановы і заўвагі, што паступілі падчас сесіі, Яўгеній Юрлевіч аднёсся з разуменнем і ўвагай, па кожным пытанні даў кампетэнтныя тлумачэнні. Падкрэсліў, што раённая ўлада ведае пра праблемы вяскоўцаў і па магчымасці стараецца іх вырашаць аператыўна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *