Добры доктар Гарбачоў працуе ў Ляхавіцкай ЦРБ

Урач Васілій Гарбачоў (на здымку) – асоба ў нашым раёне вядомая. Хтосьці сам лячыўся ў доктара, іншыя прыводзілі ў кабінет оталарынголага сваіх дзяцей ці ўнукаў. Дарэчы, ён вядзе прыём не толькі ў паліклініцы – часта бывае ва ўрачэбных амбулаторыях, фельчарска-акушэрскіх пунктах.
22 гады назад выпускнік Віцебскага медінстытута прыехаў на радзіму жонкі. І ў літаральным сэнсе ўлюбіўся ў маленькі гарадок, застаўся тут працаваць. Медыцына, магчымасць дапамагаць вяртаць здароўе людзям для Гарбачова не проста прафесія, а прызванне.
Да 60 пацыентаў у дзень на прыёме, разнастайныя маніпуляцыі, што датычаць вушэй, горла, носа і не толькі, кансультаванне ў аддзяленнях райбальніцы – кожны дзень запоўнены важнымі справамі. За штодзённымі клопатамі адзіны на ўвесь раён урач-оталарынголаг паспявае асвойваць і новае сучаснае абсталяванне, якім у апошнія гады неаднойчы папаўняўся ЛОР-кабінет.
Белы халат доктар носіць з гонарам і ўпэўнены, што з выбарам прафесіі не памыліўся, хаця і давялося калісьці развітацца з прыгожай дзіцячай марай – стаць лётчыкам. Медыцынскае вучылішча, медінстытут, служба ў арміі – да сваёй мэты ён ішоў настойліва. Дарэчы, менавіта падчас вучобы ў “медзе” сустрэў сваю другую палавінку. Жонка Наталля зараз загадвае фізія-тэрапеўтычным аддзяленнем райбальніцы.
Васілій Віктаравіч яшчэ і ў цэнтры грамадскага жыцця – больш за дзесяцігоддзе ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю райбальніцы: клапоціцца пра дабрабыт, захаванне сацыяльных гарантый калег.
У свае 50 гадоў Васілій Гарбачоў выканаў праграму-мінімум для кожнага мужчыны: пабудаваў утульны дом, пасадзіў прыгожы і шчодры сад і, бадай самае галоўнае, выхоўвае разам з жонкай траіх дзяцей.
Больш за ўсё марыць Васілій Віктаравіч, што малодшая Маша, пакуль школьніца, прадоўжыць яго з Наталляй Станіславаўнай урачэбную дынастыю.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *