Майстры прыватнага жанру. Летась СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” закупіў у насельніцтва на перапрацоўку 3724 тоны малака

Людміла Домаш і Таццяна Барташэвіч.

Летась СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” закупіў у насельніцтва на перапрацоўку 3724 тоны малака. Дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Жукоўскі падкрэслівае: такой колькасці хопіць, каб забяспечыць самай разнастайнай малочнай прадукцыяй – ад кефіру і смятаны да масла і дэсертаў – увесь наш раён.

Вынікі штогадовага агляду-конкурсу па закупу малака ў насельніцтва традыцыйна падводзяцца на малочным заводзе. І гэта нагода не толькі ўшанаваць лепшых малаказдатчыкаў і малаказборшчыкаў, але і абмеркаваць надзённыя праблемы, агучыць набалелыя пытанні і пачуць адказ на іх, што называецца, з першых вуснаў.
А праблем і пытанняў хапае. Вячаслаў Жукоўскі нагадаў, што з верасня ўступае ў сілу новы тэхнічны рэгламент па вытворчасці малака. Патрабаванні да сыравіны, што накіроўваецца на перапрацоўку, стануць больш жорсткімі па якасці. І гэта датычыць не толькі гаспадарак-вытворцаў, але і прыватнікаў. Дырэктар малаказавода з жалем канстатаваў, што далёка не ўся сыравіна, якая паступае на прадпрыемства, адпавядае высокім стандартам.
Заклапочанасць з гэтай нагоды выказаў і старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Кіраўнік раёна запатрабаваў узмацніць кантроль за якасцю малака, што пастаўляецца на перапрацоўку, за работай малаказборшчыкаў, даручыў своечасова разбірацца са скаргамі малаказдатчыкаў і забяспечваць умовы для развіцця асабістых падсобных гаспадарак.
Пра тое, што зроблена і робіцца ў Ляхавіцкім раёне ў гэтым накірунку, расказаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Баргамон.
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць: тых, хто сабраўся ў гэты дзень на малаказаводзе, прэтэнзіі датычылі менш за ўсё. У адрас пераможцаў конкурсу гучалі падзякі, а ўзнагародай за сумленную працу сталі заслужаныя прэміі ад прадпрыемства-перапрацоўшчыка.
Самы ўдойны прыватны статак утрымліваецца на падвор’і Гарыбянаў у Жарабковічах: за мінулы год на кожную з чатырох кароў прадалі дзяржаве 7717 кілаграмаў малака. Штодзень малаказборшчык Валянціна Глобаж (яна, дарэчы, прызнана лепшым малаказборшчыкам па першай групе гаспадарак – летась закупіла ад насельніцтва 520 тон малака) забірае ад іх двара 90-100 літраў сырадою. Зразумела, працаваць на такі вынік даводзіцца нямала: накарміць-напаіць, падаіць, утрымліваць у чысціні і парадку, назапасіць кармы, перыядычна адбыць сваю 4-дзённую чаргу ў якасці пастуха прыватнага жарабковіцкага статка, рана ўстаць і позна легчы… Але, упэўнена Галіна Марцінаўна, гэта варта выніку.
Любое сельгаспрадпрыемства пазайздросціць надоям, што атрымлівае Кацярына Палаш з Навасёлак, – летась прадала ад сваёй каровы 7088 кілаграмаў малака.
У пераможцаў па другой групе гаспадарак вынікі, можа, і больш сціплыя, але вельмі і вельмі дастойныя: Віктар Бурнель з Тальмінавічаў прадаў за год на карову 6621 кілаграм малака, а яго зямлячка Таццяна Юрэтка – 5846.
Дадатковае прызавое месца ў аглядзе-конкурсе было прысу-джана Таццяне Барташэвіч, чыя падсобная гаспадарка налічвае 2 дзясяткі рагуль, а малочны ўклад у справу дзяржаўнай важнасці дасягнуў 137 тон.
Узнагароду за шчырую працу атрымалі ў гэты дзень і малаказборшчыкі: акрамя згаданай ужо Валянціны Глобаж, Людміла Домаш са “Шляху новага”, Людміла Сасімчык з райаграсэрвіса, Георгій Рабцэвіч з Вострава.
Не засталіся без увагі тыя, хто арганізуе закуп малака для перапрацоўкі. За найбольшы закуплены малочны вал адзначаны Жарабковіцкі і Крывошынскі сельвыканкамы, СВК “Жарабковічы” і ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. А паказчык закупу малака на карову дазволіў стаць пераможцамі конкурсу Начаўскаму і Ганчароўскаму сельвыканкамам, СВК “Ляхавіцкі” і “Тальмінавічы”.
Дарэчы, акрамя матэрыяльнага заахвочвання, завадчане падрыхтавалі для сваіх дзелавых партнёраў сюрпрыз – выставу-дэгустацыю прадукцыі брэндаў “Ляхавічок”, “Унучок Ляхавічок” і “Ляхавіцкае”. Прыемна, што з нашага малака робяць такія смачныя рэчы, – падобнае меркаванне давялося пачуць у гэты дзень неаднойчы.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галіна Гарыбян і Валянціна Глобаж.

Георгій Рабцэвіч.

Віктар Бурнель.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *