Сена — не для «пеўня». Чырвонага

Высокі градус галаўнінскага сена.

Як прыйшло лета – уставай вясковец са светам. Такога, а нярэдка і больш жорсткага рэжыму працы патрабуе ад аграрыяў у тым ліку і касавічная пара. Спрыяльнасць надвор’я ў гэты адказны і хуткаплынны час з’яўляецца для аграрыяў вельмі добрым памагатым. Сёлета ён даў пра сябе знаць – недажджлівымі, умерана цёплымі, а то і гарачымі дзянькамі, што суправаджалі першую ўборку траў. Вядома, на гэтым фарміраванне кармавога дастатку для гуртоў жывёлы ў стойлавы перыяд не заканчваецца, аднак, прыярытэт іменна ў ім. Асабліва, калі размова заходзіць пра сена. Але сёння якасна-колькасныя характарыстыкі пакінем за дужкамі – пагаворым пра тое, як нарыхтаванае для рагуляў не скарміць“чырвонаму пеўню”. Справа ў тым, што, як шэраг іншых рэчываў арганічнага паходжання, сена мае схільнасць да самаўзгарання. Звыш-нарматыўная вільготнасць прадукту тут можа выступіць у ролі правакатара і запусціць працэс. Вільготны нехалодны асяродак з’яўляецца спрыяльнай умовай для размнажэння мікраарганізмаў. У выніку сваёй жыццядзейнасці апошнія ўтвараюць цяпло і “разганяюць” тэмпературны градус. Этап за этапам тэмпература можа дасягнуць кропкі гарэння сена – і … мільённыя страты, галодны паёк для гуртоў жывёлы.

На тыдні супрацоўнікі дзяржаўнага пажарнага нагляду праінспектавалі ўмовы захоўвання сена ў СВК “Ліпнянка” і ЗАТ “Белпрампрыбор”. Адрасы “падказала” райветстанцыя, спецыялісты якой трымаюць на кантролі якасць, у тым ліку і паказчык вільготнасці кармоў, што закладваюцца на захоўванне ў гаспадарках раёна. Згодна іх даных, вільготнасць сена ў названых гаспадарках аказалася большай за 17 працэнтных пунктаў. Па нормах дзяржаўнага пажарнага нагляду гэта перавышэнне нарматыву. Але нестыкоўка, нюанс у тым, што аграрныя тэхналогіі дазваляюць закладваць сена і пры 19-працэнтным паказчыку адноснай вільготнасці.

Той факт, што гэты год для сенанарыхтоўшчыкаў “Ліпнянкі” быў не горшым – “чытаецца” па запоўненасці сенасховішчаў. Іх у гаспадарцы два, агульнай запоўненасцю больш за паўтысячы тон пахучага прадукту. Як запэўніў галоўны заатэхнік гаспадаркі Аляксандр Бурбіцкі, усё, што планавалі, скасілі. Не менш, калі не больш важна і тое, у які час гэта было зроблена. У выпадку з “Ліпнянкай” – у момант, калі травы знаходзіліся на максімуме сваёй пажыўнасці. Ніякіх нараканняў у інспектараў не выклікалі і ўмовы закладкі і захоўвання сена. Выкананыя пры дапамозе спецыяльнага тэрмометра-шчупа тэсты, паказалі, што тэмпература ўнутры цюкоў у самым горшым выпадку вагаецца вакол адзнакі ў 30 градусаў па Цэльсію. А часцей і таго менш – 20-23. У той час як, па словах першага намесніка начальніка РАНС Сяргея Гатоўчыца, падставай для заклапочанасці і сігналам для прафілактычна-супрацьпажарных дзеянняў лічыцца тэмпература блізкая да 40 градусаў. Адзіная заўвага – адсутнасць журнала, дзе б фіксаваліся вынікі ўнутрыгаспадарчага кантролю за тэмпературнымі ваганнямі сена ў рулонах.

Па словах галоўнага заатэхніка ЗАТ “Белпрампрыбор” Уладзіміра Мароза, структура травяністых кармоў гаспадаркі будуецца на прыярытэце сенажу. Прадметным пацвярджэннем сказанаму могуць служыць запакаваныя ў поліэтылен, нібы цукеркі ў фанты, цыліндры сенажу, што сваімі бліскучымі бакамі ўпрыгожваюць прыфермскую тэрыторыю. У параўнанні з ліпскімі суседзямі, сена ў “Белпрампрыбора” істотна менш. Сенасховішча на МТФ “Галаўнінцы” запоўнена нават не напалову. Больш таго, часткі цюкоў, якія,відавочна, трапілі сюды ў апошнюю чаргу, у сховішчы быць не павінна. Гэта пажаранебяспечна: як паказалі замеры, унутры асобных рулонаў тэмпература дасягае 55 і больш градусаў. “Зробім”, – запэўнілі спецыялісты гаспадаркі ў адказ на патрабаванне кантралёраў неадкладна вывезці, “распусціць”, прасушыць пажарарызыкоўную партыю цюкоў.

Акрамя агучанага вышэй вуснага патрабавання, кіраўніцтву “Белпрампрыбора” вынесена прадпісанне дзяржаўнага пажарнага нагляду аб ухіленні і недапушчэнні парушэнняў пры нарыхтоўцы і захоўванні кармоў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

У тым ліку і сенасховішчы з’яўляюцца зараз рабочым месцам спецыялістаў РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *