«Залатая» рыбка

Кожны мае права ў вольны час парыбачыць. Аднак пры гэтым ён павінен прытрымлівацца ўстаноўленых заканадаўствам патрабаванняў па тэрмінах здабычы рыбы, спосабах лоўлі і месцы рыбалкі. Акрамя таго існуе і такая акалічнасць як нормы вылаву рыбы.

У 2015 годзе суд Ляхавіцкага раёна з удзелам пракурора разгледзеў 2 крымінальныя справы, звязаныя з незаконнай здабычай рыбы.

Двое жыхароў вёскі Тухавічы ў снежні 2014 года накіраваліся на карт-вадаёмы, размешчаныя непадалёку ад названага населенага пункта. Нягледзячы на тое, што норма вылаву складала 5 кілаграмаў на чалавека, яны здабылі 442 шчупакі, 427 – акунёў, 220 – плотак і іншай рыбы агульнай вагой больш за 130 кілаграмаў. Пасля гэтага рыбакі былі затрыманы супрацоўнікамі інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Як растлумачылі затрыманыя, рыбу лавілі рукамі і сачком, увайшлі ў азарт настолькі, што не маглі спыніцца… Навакольнаму асяроддзю была нанесена шкода эквівалентная амаль 300 мільёнам рублёў.

У сакавіку бягучага года на вадасховішчы “Мінічы” побач з вёскай Набярэжная вырашыла парыбачыць сямейная пара. Сеткі паставілі ноччу, а раніцай дасталі з іх 12 кілаграмаў рыбы. Сеткі ўжо самі па сабе з’яўляюцца забароненымі для рыбалоўства прыладамі, да таго ж здабыча рыбы вялася ў забаронены час. Нанесеная навакольнаму асяроддзю шкода ацэнена ў 73 мільёны рублёў.

І ў першым, і ў другім выпадках шкода навакольнаму асяроддзю вызначаецца асабліва буйным памерам, дзеянні вінаватых асоб кваліфікаваны па частцы 4 артыкула 281 Крымінальнага кодэкса.

З улікам таго, што абвінавачаныя прызналі сваю віну, суд прызначыў ім пакаранне ад 1 да 2 гадоў пазбаўлення волі з устанаўленнем выпрабавальнага тэрміну. Па ісках пракурора з асуджаных спагнана ў поўным аб’ёме шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю незаконнай здабычай рыбы.

З дапамогай гэтых прыкладаў хацелася б звярнуць увагу ўсіх аматараў незаконнай рыбалкі на сур’ёзнасць яе наступстваў. Апроч “злоўленай” судзімасці, пакрыццё нанесеных прыродзе страт можа сур’ёзна і надоўга пахіснуць матэрыяльны дабрабыт правапарушальніка і яго сям’і.

Сяргей ДЗЯЖКО,

пракурор Ляхавіцкага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *