Цэнтрвыбаркам Беларусі завяршыў рэгістрацыю ініцыятыўных груп

Праверку прайшлі не ўсе

Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 20 ліпеня завяршыла рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта.

Усяго Цэнтрвыбаркам дапусціў да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыя-тыўных груп. 20 ліпеня зарэгістраваны ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў: Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. У групу па вылучэнні Віктара Цярэшчанкі ўвайшлі 946 чалавек, Мікалая Улаховіча — 1 426 грамадзян. Склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні Жанны Раманоўскай — 110 выбаршчыкаў, Таццяны Караткевіч — 1 993 чалавекі, Анатоля Лябедзькі — 977 грамадзян.

ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Андрэя Канаўца: сам вылучэнец не пражыў на тэрыторыі Беларусі 10 гадоў напярэдадні выбараў, як таго патрабуе заканадаўства. Акрамя таго, не поўнасцю запоўнены дакументы аб складзе яго ініцыятыўнай групы: не пазначаны прозвішчы грамадзян, іх пашпартныя даныя, месцы пражывання, дапушчаны іншыя памылкі. Таксама адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні Мікалая Статкевіча (з мужчыны не знята судзімасць), Ірыны Першынай (у склад групы ўвайшлі толькі 39 грамадзян, адносна астатніх членаў пазначаны няпоўныя або несапраўдныя звесткі), Сяргея Заблоцкага (заява аб рэгістрацыі групы з мноствам памылак паступіла па пошце), Тамары Біруковай (ініцыятыўная група складаецца з 53 чалавек, не пазначаны яе кіраўнік і каардынатары), Аляксандра Юдаева (недастатковая колькасць членаў групы: 94 чалавекі).

17 ліпеня ЦВК зарэгістравала ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча. У ініцыятыўную групу па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі ўвайшлі 10 577 чалавек. У групу па вылучэнні Сяргея Калякіна павінна было ўвайсці 1 511. Аднак вырашана выключыць аднаго чалавека, паколькі гэта асоба без грамадзянства. Дакументы па групе Сяргея Гайдукевіча ўключалі 2 484 грамадзяніны, але з яе таксама вырашана выключыць траіх чалавек (двое не дасягнулі ўзросту 18 гадоў, адна ўдзельніца мае грамадзянства Расіі).

Як паведамлялася, усяго ў ЦВК з 14 па 17 ліпеня былі пададзены дакументы на рэгістрацыю чатырнаццаці ініцыятыўных груп. Акрамя таго, яшчэ адна заява ад ветэрана Віктара Талмачова паступіла ў камісію 20 ліпеня — яна была разгледжана, аднак у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы было адмоўлена.

Па літары закона

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў групы могуць пачаць з 23 ліпеня і прадоўжыць па 21 жніўня ўключна. Для таго, каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш як 100 тысяч подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разоў за аднаго прэтэндэнта.

На правым баку падпіснога ліста павінны быць пазначаны без скарачэнняў звесткі аб асобе, якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты (прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, пасада (занятак), месца работы і месца жыхарства, партыйнасць). Таксама там пазначаецца прозвішча, імя і імя па бацьку члена ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы. Падпісны ліст запаўняецца на беларускай або рускай мове. Звесткі аб выбаршчыку, прадугледжаныя ў графах 1-5, могуць запаўняцца як самім выбаршчыкам, так і іншымі асобамі, у тым ліку членам ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы. Але выбаршчык уласнаручна ставiць у падпісным лісце дату подпісу і распісваецца ў графах 6 і 7. Подпісы выбаршчыкаў нумаруюцца. У падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі толькі аднаго горада абласнога падпарадкавання, раёна, а ў гарадах з раённым дзяленнем — аднаго раёна.

Акрамя таго, член ініцыятыўнай групы пры зборы подпісаў павінен мець пасведчанне, выдадзенае Цэнтральнай камісіяй, і дакумент, які засведчвае асобу. Гэтыя дакументы прад’яўляюцца выбаршчыкам. Збор подпісаў можа праводзіцца ў час пікетаў. Дазвол на такі пікет не патрэбны, калі ён арганізуецца ў месцы, не забароненым мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Збор подпісаў у ваеннаслужачых, якія знаходзяцца ў воінскіх часцях, ажыццяўляецца па ўзгадненні з камандзірамі воінскіх часцей у пазаслужбовы час у месцы, вызначаным камандзірам часці. Пры зборы подпісаў у выбаршчыкаў, якія пражываюць у інтэрнаце, члены ініцыятыўных груп павінны выконваць правілы ўнутранага распарадку інтэрната, што прадугледжваюць парадак наведвання інтэрната асобамі, якія не пражываюць у ім.

Пры зборы подпісаў забараняецца прымушэнне і ўзнагароджанне выбаршчыкаў за ўнясенне подпісаў. Пад узнагароджаннем разумеецца перадача выбаршчыку грашовых сродкаў, падарункаў, іншых матэрыяльных каштоўнасцей, правядзенне льготнай распрадажы тавараў або бязвыплатнае ці на льготных умовах аказанне паслуг. Не дапускаецца ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў выбаршчыкаў у рабочы час.

Грамадзяне, якія вылучаюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты, не маюць права прыцягваць асоб, якія знахо-дзяцца ў іх у падпарадкаванні або іншай службовай залежнасці, для збору подпісаў выбаршчыкаў у рабочы час. Не дапускаецца правядзенне збору подпісаў у ходзе службовых камандзiровак. Таксама члены ініцыятыўных груп не маюць права пры зборы подпісаў раздаваць выбаршчыкам друкаваныя матэрыялы. Інфармацыйныя матэрыялы з біяграфічнымі данымі асоб, у падтрымку якіх ажыццяўляецца збор подпісаў, могуць прадастаўляцца выбаршчыкам толькі для азнаямлення.

Месца мае значэнне

На тэрыторыі Брэсцкай вобласці вызначаны месцы, дзе забаронены збор подпісаў выбаршчыкаў за кандыдатаў, якія будуць балаціравацца ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, паведаміў намеснік начальніка аддзела па каардынацыі ідэалагічнай работы Брэсцкага аблвыканкама Аляксей Гарбуз.

Рашэнні, прынятыя мясцовымі органамі ўлады, размешчаны ў свабодным доступе на сайтах гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў і ўступяць у сілу з 23 ліпеня. Яны будуць дзейнічаць да 21 жніўня 2015 года ўключна. Аляксей Гарбуз падкрэсліў, што перад кіраўнікамі рэгіёна стаяла задача максімальна дазволіць збор подпісаў за кандыдатаў, за выключэннем месцаў, дзе размяшчаюцца стратэгічна важныя аб’екты.

Ацэнка перадвыбарнай падрыхтоўкі

З 15 па 17 ліпеня ў Беларусі знаходзілася ацэначная місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ). Задача гэтай місіі — ацаніць перадвыбарную атмасферу і падрыхтоўку да выбараў. Каменціруючы сустрэчу кіраўніцтва ЦВК з місіяй, сакратар Цэнтр-выбаркама Беларусі Мікалай Лазавік сказаў: «Была выказана ўдзячнасць, што Рэспубліка Беларусь запрасіла місію для назірання за выбарамі. Гэтым запрашэннем яны абавязкова скарыстаюцца».

Акрамя іншага, размова ішла аб забароне агітацыі, накіраванай на байкот выбараў. Мікалай Лазавік нагадаў прадстаўнікам місіі, што Беларусь далучылася да Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод дзяржаў — удзельніц СНД. «У адпаведнасці з гэтай канвенцыяй байкот забаронены. Прычым гэта забарона распаўсюджваецца не толькі на выступленні кандыдатаў, а на ўсіх грамадзян краіны. Інакш кажучы, калі дзяржава траціць вялізныя грошы на арганізацыю і падрыхтоўку выбараў, то грамадзянам забараняецца весці агітацыю за зрыў гэтага важнейшага мерапрыемства», — сказаў Мікалай Лазавік.

Ацэначная місія БДІПЧ АБСЕ сустрэлася з кіраўніцтвам Вярхоўнага суда Беларусі. У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі пытанні абскарджання ў судовым парадку дзеянняў выбарчых камісій, ход судова-прававой рэформы, якая праводзіцца ў нашай краіне, у прыватнасці, нядаўнія змяненні заканадаўства аб судовым ладзе і статусе суддзяў. Прадстаўнікі ацэначнай місіі БДІПЧ АБСЕ і кіраўніцтва Вярхоўнага суда станоўча ацанілі праведзеную сустрэчу.

Меркаванні

Уладзімір Макей, міністр замежных спраў:
«Гэты год асаблівы, з прычыны таго, што ў краіне праходзяць прэзідэнцкія выбары. Таму і адказнасць за захаванне курсу на стабільнае і паступальнае развіццё нашай дзяржавы на нас асаблівая. Мы павінны спакойна і дастойна правесці сваю частку работы на ўсіх этапах выбарчай кампаніі».
Лілія Ананіч, міністр інфармацыі:
«Сродкі масавай інфармацыі Беларусі забяспечаць грамадзянам права атрымання інфармацыі і стварэння аднолькавых умоў для кандыдатаў у Прэзідэнты, каб іх выбарныя праграмы, прапановы былі шырока вядомы кожнаму жыхару краіны, кожнаму выбаршчыку для прыняцця свядомага выбару на карысць далейшага развіцця Беларусі».
«Выбары — гэта час ісціны для дзяржавы, якая за 20 гадоў адбылася як суверэнная. Палітыка нашай краіны выверана беларускім народам, палітыка, якая неаднаразова паказвала, што наша краіна ідзе курсам, якім можа сёння ганарыцца любая дзяржава».
«Лічу, што жанчыны, Беларускі саюз жанчын павінны актыўна ўключыцца ў агітацыйны працэс, проста расказваючы аб тым, як мы жывём, расказваючы аб нашых сем’ях, якія ў нас імкненні. Нам не трэба нічога даказваць, мы краіна, якая адбылася, бачым, як шмат зроблена і зробім яшчэ больш, калі будзем разам».
Па інфармацыі БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *