Эх, дарогі — пыл ды бур’ян…

Развалены аўтобусны прыпынак, насупраць абочына, абсыпаная рэшткамі спілаванага дрэва, а пасярэдзіне дарога ў ямах. Такі малюнак можна ўбачыць, напрыклад, у Заліпенні.  ДРБУ-200 (у зоне адказнасці арганізацыі знаходзіцца гэты ўчастак) неаднаразова ўказвалася на неабходнасць навядзення тут парадку. Пакуль без змяненняў.

Аўтамабільныя дарогі і вуліцы сельскіх населеных пунктаў нашага раёна знаходзяцца ў зоне абслугоўвання дзвюх арганізацый — ДРБУ-200 філіяла КУП “Брэстаблдарбуд” і ДЭУ-24 РУП “Брэстаўтадар”: на балансе ДРБУ-200 іх амаль 600 кіламетраў, ДЭУ-24 – 48,8 кіламетра. Кожная з арганізацый мае ў сваім арсенале спецыялізаваны машынна-трактарны парк. На гэты год з абласнога бюджэту на ўтрыманне мясцовых дарог выдаткавана 2,4 мільярда рублёў. 2,5 мільярда – на бягучы рамонт, 310 мільёнаў – на рамонт вуліц аграгарадкоў і вёсак. Па стане на 1 чэрвеня асвоена 2,4 мільярда.

Ацэнка эксплуатацыйнага стану дарог праводзіцца па пяцібальнай шкале. У раёне самы нізкі бал (3,19) ва ўчастка аўтадарогі Асіповічы — Баранавічы працягласцю крыху больш за 3 км (каля вёскі Адахаўшчына), самы высокі (3,95) – амаль 4-кіламетровы ўчастак аўтадарогі Клецк-Баранавічы.

Пытанне ўтрымання дарог– на пастаянным кантролі раённай улады. Разглядалася яно і на чэрвеньскіх апаратных нарадах у старшыні райвыканкама. Тады шматлікія заўвагі пра недапрацоўкі і неналежнае выкананне работ атрымалі кіраўнікі дарожных арганізацый, быў дадзены тыдзень на выпраўленне сітуацыі. Спецыяльна створаная група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама правяла паўторны маніторынг, які ацэньваў работу над памылкамі.

Што датычыцца рэс-публіканскіх дарог, якія абслугоўваюцца ДЭУ-24, зроблена нямала, нядобраўпарадкаваных месцаў на іх стала менш. Актыўна абкошваюцца ўчасткі каля дарожных знакаў, прыпыначных пунктаў на аўтадарогах Ляхавічы-Русінавічы, Ляхавічы-Клецк.

А вось многія мясцовыя дарогі, якія знаходзяцца на балансе ДРБУ-200, маюць вельмі непрыглядны выгляд: абочыны не абкошаны, зараслі пустазеллем аўтобусныя прыпынкі, напрыклад, у Вадзяціне, Гукова, Гуце. У рэшце рэшт, 13 ліпеня дарожнікі скасілі бур’ян уздоўж дарогі Альхоўцы – Гукова і шэрага іншых. У Свяціцы нарэшце спілена аварыйнае дрэва. Праўда, вывезлі яго не адразу – праляжала некалькі тыдняў.

У Заліпенні прыпынак увогуле ў аварыйным стане і нагадвае картачны домік, які вось-вось разваліцца. Як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, галоўнае нават не тое, наколькі эстэтычна выглядае прыпынак, але, у першую чаргу, як захоўваюцца правілы бяспекі. Дагэтуль там рамонт так і не пачаўся.

Неадкладнага рамонту патрабуе аўтадарога Ляхавічы-Грушаўка, па якой рухаецца значны паток транспарту на палігон цвёрдых бытавых адходаў. Палатно нагадвае мыйную дошку, акрамя таго, у некалькіх месцах ёсць размывы гравійнага пакрыцця. Рамонт тэрмінова неабходны бетоннаму пакрыццю дарог у Заполлі, Гуце, Куліках (у дарожнай службе паведамілі, што гэтыя работы запланаваны на жнівень), асфальтаваму – у Гайнінцы, Гайніне, Рачканах, Тальмінавічах. Тутэйшыя жыхары ўжо неаднойчы скардзіліся на гэта ў розныя інстанцыі.

Яшчэ ў канцы чэрвеня дзе-нідзе стаялі сігнальныя дарожныя знакі, якія ўстанаўліваюцца на зімовы перыяд. Ёсць месцы, дзе ад дарожных знакаў засталіся толькі бетонныя слупкі, адсутнічаюць шыльды-ўказальнікі.

І гэта далёка не поўны пералік прыкладаў нядбайнасці ў гаспадарцы ДРБУ-200. На шматлікія даручэнні выканаўчай улады ў кіраўніцтва гэтай арганізацыі адказ адзін: няма грошай. Аднак, чамусьці яны знаходзяцца ў таго ж ДЭУ-24, якое за 2 тыдні выправіла многія недапрацоўкі. Кіраўнік раёна чарговы раз указаў на неабходнасць рэгулярнай уборкі дарог і прыдарожных палос і запатрабаваў прыняць канкрэтныя меры па неадкладным выпраўленні сітуацыі. Літаральна днямі ў гэтай дарожнай арганізацыі пакінуў пасаду начальнік: з ім не прадоўжаны кантракт.

Кіраўнік раёна паставіў задачу і перад землеўпарадкавальнай службай: вызначыць уласнікаў так званых нічыйных участкаў, напрыклад, тэрыторыі недабудаванага кемпінга на тэрыторыі Конькаўскага сельсавета.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *