Дарогу адолее той, хто ідзе

“Наша сустрэча праходзіць напярэдадні двух важных мерапрыемстваў — чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, на якім будуць падведзены вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця за мінулыя 5 гадоў і вызначаны курс на будучую пяцігодку, і выбараў Прэзідэнта краіны — лідара дзяржавы, з якім намечаныя планы мы будзем рэалізоўваць. Таму сёння мы будзем гаварыць пра тое, з якімі вынікамі наша вобласць падышла да гэтых значных палітычных падзей, і якім бачыцца развіццё Брэстчыны на бліжэйшую пяцігодку», — акрэсліў тэму размовы Канстанцін Сумар.
Кіраўнік вобласці падрабязна расказаў, як на працягу апошніх 5 гадоў у Брэсцкай вобласці выконваюцца ўсе прагнозныя паказчыкі, якія, між іншым, не з’яўляюцца самамэтай, а ўсяго толькі чарговай прыступкай да пастаяннага павышэння ўзроўню і якасці жыцця людзей.
Асобна Канстанцін Андрэевіч спыніўся на перспектывах развіцця перапрацоўчай галіны, у тым ліку кансервавых прадпрыемстваў вобласці. Пры гэтым, да гонару ўсіх прысутных, з вуснаў губернатара прагучала: «Ваша прадпрыемства — адно з лепшых у кансервавай галіне вобласці».
Карыстаючыся выпадкам, завадчане звярнуліся да губернатара — дэлегата чацвёртага Усебеларускага народнага сходу — з просьбай расказаць пра праграму развіцця Беларусі (і ў прыватнасці Брэстчыны) на бліжэйшыя пяць гадоў.
«Па сутнасці ўсё, пра што сёння ўжо ішла гаворка, зроблена і дасягнута дзякуючы палітыцы Кіраўніка нашай дзяржавы. Разам з Прэзідэнтам мы, у тым ліку і ваш калектыў, пабудавалі сваю дзяржаву, абаранілі краіну ад разграблення, выстаялі ў сусветным крызісе, выратавалі вёску і забяспечылі харчовую бяспеку краіны, разняволілі дзелавую ініцыятыву і забяспечылі поўную занятасць насельніцтва, мы пабудавалі дзесяткі мільёнаў квадратных метраў жылля і зрабілі сур’ёзныя крокі наперад у медыцыне і адукацыі. Відавочна, што мы сталі жыць лепш. Але наш Прэзідэнт перакананы, што разам мы здольны зрабіць яшчэ больш», — адзначыў Канстанцін Сумар. У размове з працоўным калектывам завода ён узняў яшчэ шэраг важных тэм. Разважаў пра дэмаграфічную бяспеку краіны і беспрэцэдэнтныя крокі дзяржавы па падтрымцы шматдзетных сем’яў. Вёў размову пра перспектыву росту заработнай платы ў розных галінах эканомікі і тое, што забяспечыць яго можна толькі з дапамогай развіцця і мадэрнізацыі вытворчасці (і ў гэтым плане сімвалічным выглядае, што сустрэча працоўнага калектыву з губернатарам праходзіла не ў актавай зале, а ў новым цэху плодаагародніннай прадукцыі), павышэння прадукцыйнасці працы, прыцягнення інвестыцый і ўкаранення інавацый, паляпшэння якасці прадукцыі нашых прадпрыемстваў і пашырэння рынкаў яе збыту. Гаварыў пра ўзмацненне сацыяльнай абароны насельніцтва і ролю моладзі ў вырашэнні важных дзяржаўных і грамадскіх спраў, умацаванне нацыянальнай валюты, захаванне міру і згоды ў грамадстве. Нагадаў пра іншыя мэты, пастаўленыя Прэзідэнтам: забяспечыць сусветны ўзровень медыцынскага абслугоўвання, будаваць 10 мільёнаў квадратных метраў жылля штогод, удасканальваць дзейнасць улады, стварыць новае аблічча беларускай эканомікі — з магутнымі інвестыцыйнымі праектамі і новымі запатрабаванымі накірункамі, новымі працоўнымі месцамі, здзейсніць прарыў у інфарматызацыі, перайсці ад эканомікі дырэктыў да эканомікі ініцыятыў.
Кіраўнік аблвыканкама не хаваў: задачы на бліжэйшую пяцігодку перад усімі ставяцца напружаныя, але дасягальныя. І гэта пацвярджаецца ў першую чаргу вынікамі мінулых 5 гадоў. Тое, што было абяцана Прэзідэнтам на трэцім Усебеларускім народным сходзе, — выканана, і не на словах, як гэта ў некаторых здараецца, а на справе. Факты — жывыя і красамоўныя. Гэта новыя школы, бальніцы, спартыўныя збудаванні, 4 мільёны «квадратаў» новага жылля на Брэстчыне, 99 новых малочнатаварных ферм і яшчэ амаль 2 з паловай сотні — рэканструяваных і мадэрнізаваных. І 120 тысяч новых працоўных месцаў. І сённяшняе станоўчае сальда ў гандлёвых адносінах з замежнымі краінамі (Брэстчына экспартуе тавараў у замежжа на большую суму, чым траціць на імпарт, ды і саміх краін — гандлёвых партнёраў Брэстчыны ўжо больш за сотню і штогод дабаўляецца). І тое, што ў крызісны 2009-ы вобласць амаль на трэць павялічыла экспарт сваіх тавараў за межы краіны. І сёлетнія 7 трыльёнаў рублёў інвестыцый у эканоміку Брэстчыны. І яшчэ многае, многае іншае.
Безумоўна, акрамя дасягненняў сёння ёсць і праблемы. Гаварылі і пра іх — пра прычыны, спосабы вырашэння. Пра тое, што сёння нельга сядзець і чакаць — любую дарогу адолее той, хто ідзе наперад.
На дасягненнях і праблемах, што характарызуюць апошнюю пяцігодку ў самых розных сферах жыцця Ляхавіччыны, спыніўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук. Ён таксама расказаў пра планы развіцця раёна, закцэнтаваўшы ўвагу на пытаннях добраўпарадкавання: мяркуецца, што літаральна за 2 гады Ляхавічы кардынальна зменяць сваё аблічча, стануць яшчэ больш прыгожымі, чыстымі, камфортнымі для пражывання.
«Гэта наша зямля. І не трэба чакаць, што хтосьці прыйдзе і будзе працаваць на ёй замест нас, наводзіць парадак, будаваць, забяспечваць шчаслівую будучыню нашых дзяцей і ўнукаў… Працвітанне краіны, дабрабыт кожнага яе жыхара дасягаецца сур’ёзнай і мэтанакіраванай працай кожнага з нас,» — падкрэсліў Канстанцін Сумар, падводзячы вынікі сустрэчы.
Ад імя жыхароў Ляхавіччыны Дзмітрый Бурдук падзякаваў кіраўніку аблвыканкама за пастаянную ўвагу і дапамогу нашаму раёну і запэўніў, што працаўнікі Ляхавіччыны зробяць усё магчымае, каб і ў бліжэйшую пяцігодку іх уклад у развіццё Брэстчыны і краіны быў важкім і грунтоўным, прыкладуць усе намаганні для далейшага будаўніцтва квітнеючай Беларусі — дзяржавы, у якой жыць свабодна, камфортна, бяспечна і багата, краіны, у якой хочацца жыць.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *