Вяртанне «Флагмана»

Трынаццаты год у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы ў ліпені высаджваецца працоўны дэсант. З мінулага панядзелка да работы прыступіў атрад “Флагман” (камандзір Уладзіслаў Салаўёў). Статус будатрадаўца атрымалі 18 навучэнцаў каледжа з больш чым паўсотні жадаючых. Лепшыя навучэнцы, самыя актыўныя ўдзельнікі грамадскага, культурнага і спартыўнага жыцця навучальнай установы вытрымалі конкурс на права правесці 2 тыдні не дома, адпачываючы пасля вучэбнага года і напружанага экзаменацыйнага перыяду, а ў каледжы – у будаўнічых справах і клопатах. Падчас урачыстага адкрыцця працоўнай змены ў ЛДАКу пажаданні выніковай работы і цікавага адпачынку будатрадаўцам адрасавалі дырэктар установы Алена Абарава і першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк.

У юнакоў і дзяўчат пачаліся працоўныя будні. Другакурснікі і трэцякурснікі да 31 ліпеня добраўпарадкуюць тэрыторыі, адрамантуюць пакоі, калідоры ў інтэрнаце №4 каледжа. Рабяты будуць займацца атынкоўкай, пабелкай і афарбоўкай памяшканняў у інтэрнатах, а таксама выканаюць некаторыя іншыя работы. Зразумела, у канцы працоўнай змены атрымаюць зарплату, большасць – першую ў жыцці.

У свабодны ад работы час будатрадаўцаў чакае цікавая і насычаная праграма: гульні, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, вечары адпачынку і дыскатэкі — у каледжы ўмеюць спалучаць прыемнае з карысным. Працоўны і вольны час рабятам дапамогуць арганізаваць педагогі і выхавальнікі каледжа, а таксама райкам БРСМ.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *