Патрабуюцца неадкладныя меры

Пачатак і ход жніўнай кампаніі – адно з пытанняў чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча. Сярод асноўных патрабаванняў кіраўніка раёна – 100-працэнтная гатоўнасць збожжаўборачнай тэхнікі і зернесушыльных комплексаў, бесперабойная работа ланцуга “поле – элеватар”. Пад асаблівым кантролем выкананне дзяржзаказу па продажы зерня. Безумоўна важна, каб уборка прайшла не толькі хутка і якасна, але і бяспечна. Таму дакладна спрацаваць павінны не толькі аграрыі, але і супрацоўнікі РАНС і РАУС.

Размова на нарадзе ішла і пра навядзенне і падтрыманне парадку. На гэты раз у фотааб’ектыў і, адпаведна, на экран у вялікай зале Дома Саветаў трапіла бульбасховішча ў Малым Гарадзішчы (ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”). Дарагое нямецкае абсталяванне ў запушчаным стане. Дзе-нідзе – рэшткі мінулагодняга ўраджаю, што меліся быць пасадачным матэрыялам. Безгаспадарчасць і на тэрыторыі вакол памяшкання – не абкошваецца, не прыбіраецца. Упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання дадзена даручэнне тэрмінова разабрацца ў сітуацыі і прыцягнуць да адказнасці вінаватых.

Яшчэ адно пытанне, што абмяркоўвалася ў гэты дзень, – кампенсацыя абавязанымі асобамі сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей. Па стане на 1 ліпеня на ўліку ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама знаходзіцца 89 абавязаных асоб. Яны павінны кампенсаваць дзяржаве больш за 806 мільёнаў рублёў. Пакуль кампенсаваны 331 мільён. Па гэтым паказчыку Ляхавіцкі раён займае адну з самых нізкіх пазіцый у вобласці. Агучваючы гэтыя даныя, намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень канстатавала: сярод прычын, якія садзейнічаюць утварэнню запазычанасці, не толькі нежаданне гора-бацькоў плаціць па рахунках, але і адсутнасць у такіх грамадзян дастойнага заробку; несвоечасовае пералічэнне спагнаных сумаў прадпрыемствамі, якія знаходзяцца за межамі раёна; недастатковы кантроль наймальнікаў за выхадам на работу абавязаных асоб, вялікая колькасць прагулаў. Адзначана і некаторая пасіўнасць аддзела прымусовага выканання ў рабоце з наймальнікамі па павелічэнні працэнта вяртання сродкаў дзяржаве. Разглядаліся і іншыя пытанні па выкананні патрабаванняў Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях”.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, мер, якія прымаюцца па спагнанні запазычанасці, яўна недастаткова. Дадзена даручэнне намесніку старшыні райвыканкама Дзіяне Трысцень, кіраўніцтву ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і аддзела адукацыі, спорту і турызму, РАУС у бліжэйшыя дні распрацаваць комплекс мерапрыемстваў для паляпшэння сітуацыі ў вырашэнні гэтага надзённага пытання.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *