Штатны рэжым — экстрэмальны. 25 ліпеня ляхавіцкія выратавальнікі адзначаюць Дзень пажарнай службы

Ёсць прафесіі для выбраных. Адна з іх – пажарны. Несумненна, можна амаль кожнага навучыць лазіць па лесвіцы, карыстацца процівагазам, бегаць, скакаць з вышыні, паднімаць цяжар… Але заўсёды быць гатовым рызыкаваць сваім жыццём дзеля выратавання іншых – не кожнаму дадзена. Акрамя высокіх маральных якасцяў і псіхалагічнай устойлівасці, пажарны-выратавальнік павінен быць фізічна падрыхтаваным, мець глыбокія прафесійныя веды, умець карыстацца выратавальным абсталяваннем, ведаць і захоўваць тэхніку бяспекі. Да таго ж, патрэбны моцнае здароўе, вынослівасць: толькі стандартная амуніцыя важыць ад 20 да 30 кілаграмаў, а ў ёй трэба хутка і дакладна рухацца, манеўраваць, па прыступках паднімацца на верхнія паверхі… Калі паступае сігнал трывогі, байцы дзяжурнага каравула павінны за 40 секунд паспець надзець амуніцыю і выехаць на месца выкліку.

А яшчэ – баявое братэрства, калі побач адчуваеш плячо сябра-напарніка, здольнага падтрымаць і, калі неабходна, замяніць. Гэтае адчуванне еднасці ўмацоўвае, згуртоўвае калектыў.

У райаддзеле па надзвычайных сітуацыях працуюць людзі, для якіх прафесія пажарнага стала жыццём. Наш гонар – намеснік начальніка Валерый Плюта, партрэт якога занесены на раённую Галерэю славы, начальнік ПАВП № 14 Вадзім Дыдышка, вадзіцель ПАВП №11 Валерый Дыдышка, камандзір аддзялення Андрэй Крываруцкі, дыспетчары цэнтра аператыўнага кіравання Вадзім Цімашок, Алег Літвінчук, першы намеснік начальніка аддзела Сяргей Гатоўчыц, старшы інжынер РАНС Дзмітрый Новік і многія іншыя.

Дзякуючы прафесійным дзеянням супрацоўнікаў РАНС выратаваны дзясяткі жыццяў, сотні будынкаў, матэрыяльных каштоўнасцей на мільярды рублёў.

Толькі за апошнія паўгода ляхавіцкія агняборцы выязджалі на тушэнне пажараў 19 разоў.

Валерый РАВІНСКІ,

начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *