Фірменныя перавагі. 26 ліпеня — Дзень работнікаў гандлю

Калектыў фірменнага магазіна «Верас» (в. Галаўнінцы): Валянціна Лістратоўская, Святлана Собаль, Людміла Зайцава.

Хто з ляхавічан не быў пакупніком у “Верасе” – фірменным і надзвычай папулярным у нашым райцэнтры магазіне СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”? Але, напэўна, нямногія ведаюць, што фірменны гандаль прадпрыемства пачынаўся ў 1992 годзе з іншага “Вераса” – гандлёвай кропкі ў вёсцы Галаўнінцы.

– Здаецца, і не было гэтых дзесяцігоддзяў. Нават сёння памятаю, як усё пачыналася, як у час суцэльнага дэфіцыту людзі стаялі ў чэргах, чакаючы прывозу. Цяпер – зусім іншая справа: асартымент багаты, абсталяванне сучаснае, умовы і для прадаўцоў, і для пакупнікоў зручныя, – расказвае загадчыца магазіна Валянціна Лістратоўская, якая ўзначальвае галаўнінскі “Верас” больш за 20 гадоў. Без малога 2 дзесяцігоддзі працуе тут прадаўцом і Святлана Собаль. Яны даўно ведаюць сваіх пакупнікоў (а ў дзень іх бывае да 200) не толькі ў твар, але і па спажывецкіх густах.

У невялікай, але дружнай камандзе не першы год працуе Людміла Зайцава, якая адказвае за чысціню і парадак у магазіне.

На паліцах вясковага “Вераса” – каля 600 найменняў тавараў. Штотыднёва па панядзелках і чацвяргах – завоз малочнай прадукцыі ўласнай вытворчасці завода.

Наогул, асартымент тут на любы густ і выпадак: каўбасныя, кандытарскія і хлебабулачныя вырабы, бакалея, садавіна і агародніна, рыба і кансервы – усяго і не пералічыш. Дарэчы, тут жа можна набыць і спадарожныя тавары: мыйныя, сродкі асабістай гігіены, упаковачны матэрыял – для іх адведзены асобныя паліцы.

Калектыў галаўнінскага магазіна і іх калегі з гарадскога “Вераса” з гонарам трымаюць марку фірменнага гандлю. Пад кіраўніцтвам галоўнага спецыяліста па гандлі малочнага завода Тамары Гірыловіч яны сур’ёзна, пастаянна і зацікаўлена працуюць над якасцю абслугоўвання, пашырэннем асартыменту, імкнуцца максімальна задаволіць патрэбы пакупнікоў. Не дзіўна, што многія нашы землякі і госці раёна аддаюць перавагу менавіта “Верасу”.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *