Магазін прыехаў!

Святаслаў Цалей — адзін з лепшых вадзіцеляў-прадаўцоў райпо.

Магазіны на колах сталі неад’емнай часткай жыцця невялікіх вёсачак, дзе няма стацыянарных гандлёвых кропак. Але аўталаўку рады бачыць і там, дзе ёсць нават некалькі магазінаў. Гэта ж зручна! Напрыклад, пажылая жанчына, інвалід ІІ групы наведацца ў магазін у супрацьлеглым канцы вёскі не можа, таму з нецярпеннем чакае панядзелка і чацвярга, калі прама ў дом прынясе папярэдне заказаны тавар вадзіцель-прадавец Святаслаў Цалей. Ён гаспадар адной з 7 райпоўскіх аўталавак, якія абслугоўваюць вёскі нашага раёна. Акрамя прадуктаў, у аўтамагазінах можна набыць і прамысловыя тавары, зрабіць заказ на наступны прыезд.

Святаслаў Іосіфавіч, які працуе вадзіцелем-прадаўцом 4 гады, заўжды імкнецца задаволіць попыт пакупнікоў (пераважная большасць з іх сталага ўзросту), уважліва ставіцца да іх просьбаў і пажаданняў, паспявае яшчэ і пагутарыць з людзьмі. Таму кожны прыезд магазіна на колах – падзея для вяскоўцаў.

Змагаюцца прадаўцы за кожнага пакупніка. Едзе аўталаўка па вёсцы, бачыць вадзіцель, што людзі гаспадараць у двары ці шчыруюць у агародзе, – абавязкова пасігналіць, папярэдзіць: магазін на падыходзе.

У сярэднім за месяц аўтамагазін, за рулём і за касай якога Святаслаў Цалей, прадае прадуктаў і іншых тавараў на 200 мільёнаў рублёў – больш чым некаторыя стацыянарныя гандлёвыя кропкі.

Што можна купіць у аўталаўцы?

– Больш за 100 найменняў тавараў. Самы хадавы – хлеб, мука, крупы, каўбасныя вырабы, цукар, запалкі, цукеркі і пячэнне, малочная прадукцыя. Гус-ты, патрэбы ў людзей розныя. Летам запатрабаваны напіткі, марожанае – у вёску прыязджаюць пагасціць да бабуль і дзядуль унукі. Дарэчы, разлічыцца за пакупкі можна як наяўнымі грашыма, так і праз тэрмінал, – расказвае Святаслаў Іосіфавіч.

У 8 гадзін раніцы яго магазін выходзіць у рэйс: па панядзелках і чацвяргах – у гукоўскім напрамку (працягласць маршруту 140 кіламетраў), па аўторках і пятніцах заязджае ў Сакуны , Пранчакі,Кавалі і іншыя вёсачкі (80 кіламетраў), у сераду аўталаўка трымае курс на Дарава, Літву, Падлессе (60 кіламетраў) – і так да 19 гадзін, а то і пазней.

У паслужным спісе Святаслава Цалея – падзякі і ад шматлікіх пакупнікоў , і ад кіраўніцтва райпо.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *