Узнятая цаліна. У СВК “Ляхавіцкі” з кожнага гектара хлебнай нівы намалочваюць амаль па 80 цэнтнераў збожжа

Сямейны экіпаж: бацька і сын Сяргей і Андрэй Алейнікавы.

У СВК “Ляхавіцкі” з кожнага гектара хлебнай нівы намалочваюць амаль па 80 цэнтнераў збожжа. Нічога дзіўнага для гэтай гаспадаркі, якая штогод на не самых урадлівых глебах збірае багатыя ўраджаі, калі б не факт, што намалоты гэтыя паступаюць на зерняток з-пад Цыгані. Яшчэ некалі, як расфарміроўваўся племзавод “Ганчароўскі”, да СВК “Ляхавіцкі” было далучана 1000 гектараў сельгасугоддзяў. У асноўным – пустка, кавалкі зямлі па некалькі дзясяткаў гектараў, якія лічыліся неўраджайнымі да той пары, пакуль не трапілі ў рукі сапраўднага гаспадара.

– Першыя гады на гэтых участках нічога не расло, хоць уносілі ўгнаенняў па поўнай праграме, – расказвае старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко. – Але насыцілася зямля. Скажу так: калі па-гаспадарску адносіцца да зямлі, то і ўраджай будзе…

Гэтымі днямі ля Цыгані ажыло наваколле: гудуць камбайны, а па вуліцы штораз праязджаюць МАЗы з прычэпамі, нагружаныя зернем. Адразу 3 экіпажы вывелі свае агрэгаты ў гэтыя мясціны. І хоць шлях быў не кароткім (з Русінавіч да Цыгані не скажаш, што “рукой падаць”), ужо да абеду зжалі яравы ячмень на 20 гектарах і пераязджалі на новы ўчастак, ва ўрочышча Гарынец.

Намеснік начальніка Русінавіцкага вытворчага ўчастка Святлана Радомская зараней праглядзела шляхі праезду тэхнікі: вузкая вясковая вуліца – давядзецца адчэпліваць жаткі. Аднак Віктар Кардаш і Сцяпан Вітко, Сяргей Алейнікаў з сынам Андрэем, Валерый Ракашэвіч і Сяргей Шымкевіч з перашкодай справіліся за некалькі мінут. Літаральна за імгненні жаткі былі пастаўлены на месца, камбайны сталі ў загонкі.

– Нават цяжка вызначыць, які з гэтых экіпажаў працуе больш старанна – усе як на падбор, – расказвае Святлана Радомская.

Камбайнеры імкнуцца не толькі як мага больш убраць і намалаціць збожжа, але і клапоцяцца, каб не было страт, раз-пораз правяраюць, ці не трапляе на землю зерне…

МАЗы напагатове. Шафёры Мікалай Ракашэвіч, Мікалай Цыкман, Віталій Казакевіч не дазваляюць ні мінуты прастояў камбайнаў з поўнымі бункерамі.

Усе 8 агрэгатаў СВК “Ляхавіцкі” ўжо ў рабоце: убіраюць рапс, яравы ячмень, трыцікале. Знайшлася справа і дзявятаму, які пасля 15 гадоў работы быў спісаны, але механізатары яго наладзілі і ўключылі ў работу: у такі адказны гарачы час лішняя адзінка тэхнікі не пашкодзіць…

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Віктар Кардаш і Сцяпан Вітко.

Сяргей Шымкевіч і Валерый Ракашэвіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *