Выслухаць і дапамагчы. Чарговае пасяджэнне Ляхавіцкага райвыканкама прайшло ў незвычайным фармаце

Чарговае пасяджэнне райвыканкама, якое адбылося ў мінулую пятніцу, прайшло ў незвычайным фармаце: акрамя кіраўніцтва райвыканкама і яго структурных падраздзяленняў, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Ляхавіччыны, старшынь сельвыканкамаў, у ім прымалі ўдзел дэпутаты райсавета і сельскіх Саветаў, старасты вёсак, гаспадарчы актыў раёна.

Аналізуючы работу са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб і рэалізацыю заяўнага прынцыпа “адно акно” рай- і сельвыканкамах у першым паўгоддзі гэтага года, старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч адзначыў: звароты – гэта своеасаблівы індыкатар, які паказвае, наколькі людзі давяраюць мясцовай уладзе, упэўнены ў тым, што іх просьба ці пытанне не застануцца без разгляду і дапамогі.

За 6 месяцаў нашы землякі звярталіся ў райвыканкам 186 разоў (летась 123), 39 запытаў накіравалі ў Адміністрацыю Прэзідэнта (за аналагічны перыяд мінулага года – 28), 47(39) – у аблвыканкам. І тое, што павялічваецца колькасць зваротаў у вышэйшыя інстанцыі, – трывожны сігнал, які сведчыць: на месцах недапрацоўваюць, не дастаткова ўважліва ставяцца да вырашэння ўзнятых праблем. На жаль, і сёння выяўляюцца факты, калі да разгляду зваротаў адказныя асобы падыходзяць фармальна, несвоечасова і не належным чынам рэагуюць на іх.

Кіраўнік раёна запатрабаваў больш жорсткага кантролю за падначаленымі з боку кіраўніка справамі райвыканкама і старшынь сельвыканкамаў. Што датычыцца Жарабковіцкага і Ганчароўскага сельвыканкамаў, дзе выяўлена найбольш парушэнняў заканадаўства па рабоце са зваротамі грамадзян, то Вячаслаў Сельмановіч даручыў напачатку жніўня праверыць, наколькі змянілася там сітуацыя, ці ліквідаваны недахопы.

На парадку дня таксама разглядаліся пытанні аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выкананні бюджэту за 6 месяцаў гэтага года. Больш падрабязна пра гэта – у адным з бліжэйшых нумароў “ЛВ”.

Пасяджэнне райвыканкама трансфармавалася ў сход гаспадарчага актыву і міжрэгіянальны сход мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Грунтоўная размова на сустрэчы ішла пра работу мясцовых Саветаў дэпутатаў 27 склікання па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Яўгеній Юрлевіч падрабязна спыніўся на ўсіх накірунках дзейнасці Саветаў, пры гэтым падкрэсліў, што асноўная задача для 38 дэпутатаў раённага і 100 сельскага ўзроўняў – вырашэнне надзённых праблем і паляпшэнне ўмоў жыцця людзей. Эфектыўнасць гэтай работы вызначаецца эканамічнымі паказчыкамі раёна, узроўнем дабрабыту яго жыхароў і камфортным, наладжаным бытам. Менавіта таму прыярытэтны накірунак работы народных абраннікаў і мясцовай улады – цеснае ўзаемадзеянне з насельніцтвам. Яўгеній Юрлевіч гаварыў пра тое, што супрацоўнікі сельвыканкамаў, дэпутаты сельскіх Саветаў павінны як мага часцей сустракацца з людзьмі, цікавіцца іх жыццём, праблемамі, імкнуцца вырашаць набалелыя пытанні. Тады не будзе праблем і з укараненнем сістэмы так званага самаабкладання. Калі людзі будуць упэўнены, што грошы, сабраныя імі, пойдуць на добраўпарадкаванне вёскі, грамадскіх месцаў, і ўбачаць канкрэтныя вынікі, то будуць больш актыўна падтрымліваць парадак. За паўгоддзе ў нашым раёне добраахвотна саб-рана на гэтыя мэты ўсяго 10 мільёнаў рублёў. Для параўнання, у Івацэвіцкім раёне (сюды за перайманнем вопыту ездзілі кіраўнікі сельвыканкамаў Ляхавіччыны) – больш за 600 мільёнаў.

Формы работы райсавета дэпутатаў даволі разнастайныя. Акрамя пасяджэнняў прэзідыума і пастаянных камісій, сесій, у тым ліку і выязных, практыкуюцца Дні Саветаў. Старшыня райсавета кожную першую і трэцюю сераду месяца вядзе прыём грамадзян па асабістых пытаннях, выязджае ў выбарчыя акругі, праводзіць ”прамыя тэлефонныя лініі” і сумесныя прыёмы з дэпутатамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і абласнога Савета дэпутатаў. За 6 месяцаў у сельвыканкамы паступіла 102 звароты грамадзян, у асноўным яны датычылі землекарыстання, рэгістрацыі грама-дзян па месцы жыхарства, афармлення спадчыны, пенсійнага забеспячэння, працаўладкавання, зносу пустуючых дамоў і іншага. Адзначаны рост колькасці зваротаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 50 працэнтаў.

Яўгеній Юрлевіч гаварыў і пра недапрацоўкі ў рабоце з насельніцтвам. Не ўсе дэпутаты праводзяць асабісты прыём грамадзян у акругах. Таму не дзіўна, што некаторыя выбаршчыкі не ведаюць свайго абранніка ў твар ці па прозвішчы.

Недастаткова актыўна вырашаюцца праблемныя пытанні ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак, гандлю і бытавога абслугоўвання, добраўпарадкавання аграгарадкоў і вёсак. Старшыня райсавета даручыў актывізаваць работу па навядзенні і падтрыманні парадку на зямлі.

Яўгеній Юрлевіч адзначыў, што ў раёне наладжана сістэма стабільнага і эфектыўнага ўзаемадзеяння органаў мясцовага кіравання і самакіравання. “Аднак, каб больш поўна выконваць пастаўленыя перад імі задачы, Саветы павінны стаць яшчэ больш сучаснымі і мабільнымі, аператыўна і дзейсна рэагаваць на запыты часу. Сёння патрэбен новы стваральны, крэатыўны падыход. Толькі зладжаная работа ўсіх галін улады і працоўных калектываў дазволіць раёну ўпэўнена выканаць гадавы прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця”, – рэзюмаваў кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна.

У пасяджэнні гаспадарчага актыву раёна і міжрэгіянальным сходзе мясцовых Саветаў дэпутатаў прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Язубец і дэпутат Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў па Ляхавіцкай выбарчай акрузе Уладзімір Махнач.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *