Родная чужая. У прафесіі “дапамагаць іншым” Зоя Якубчык 18 гадоў

Фотакарэспандэнт “ЛВ” сустрэў сацыяльнага работніка Зою Якубчык у райцэнтры, куды яна прыехала ў аптэку – купіць лекі для сваіх падапечных.

У прафесіі “дапамагаць іншым” Зоя Ананьеўна 18 гадоў. Цяжка падлічыць, колькі соцень кіламетраў яна нахадзіла з Галаўнінцаў да Шчэрбава, дзе пражываюць яе падапечныя (сёння іх 12: 9 жанчын і 3 мужчыны). Цяпер у сацыяльнага работніка ёсць уласны транспарт, якім забяспечыў ТЦСАН, – веласіпед.

–За столькі гадоў мае шаноўныя людзі сталага ўзросту сталі амаль што роднымі. Ведаю звычкі, характар кожнага з іх. Нават па поглядзе вызначаю, хто ў якім настроі. Памылкова лічаць, што сталыя людзі толькі скардзяцца на моладзь і здароўе. Яны – энцыклапедыя жыцця, мудрыя і спагадлівыя. Колькі ўсяго цікавага расказваюць і добрую параду дадуць, – гаворыць Зоя Якубчык.

Купіць у магазіне неабходныя прадукты харчавання і тавары хатняга ўжытку, дапамагчы прыгатаваць ежу (гэта атрымліваецца выдатна: калісьці Зоя Ананьеўна працавала поварам у сталоўцы Крывошынскай СШ), прыбраць у хаце і на падворку, зімой расчысціць дарожкі ад снегу, восенню – ад лісця, распаліць печку, заплаціць за камунальныя паслугі – з абавязкамі сацыяльны работнік спраўляецца хутка, дакладна і якасна. А яшчэ дапаможа і ціск памераць, і агарод прапалоць. І абавязкова ”па душах” пагаворыць – гэта падапечныя, кожнаму з якіх па 80 гадоў і больш, вельмі цэняць. Зою Ананьеўну з нецярпеннем чакаюць у 11 шчэрбаўскіх дамах. Шчырая, добразычлівая, адказная, яна чуе ў свой адрас толькі словы падзякі за клопат і дапамогу.

За прафесіяналізм, добрасумленныя адносіны да справы прозвішча Зоі Якубчык сёлета занесена на Галерэю славы раёна.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *