Святы князь Уладзімір, малі Бога пра нас! 28 ліпеня вернікі ўшаноўвалі памяць святога князя Уладзіміра – Хрысціцеля Русі

28 ліпеня ў вялікіх і малых гарадах і вёсках Беларусі, Расіі, Украіны праваслаўныя вернікі ўшаноўвалі памяць святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра – Хрысціцеля Русі. У святочных богаслужэннях, хрэсных ходах з нагоды 1000-годдзя спачыну святога князя Уладзіміра ўдзельнічалі сотні тысяч людзей.

Да гэтага дня рыхтаваліся доўга і старанна: арганізоўваліся праваслаўныя фестывалі, выставы, паломніцтвы, дабрачынныя акцыі, выдаваліся і перавыдаваліся кнігі. У нашым раёне з нагоды важнай для праваслаўных хрысціян даты праводзіліся сустрэчы свяшчэннаслужыцеляў з моладдзю, валейбольны турнір благачынняў Пінскай епархіі па блаславенні архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцефана, конкурсы сачыненняў сярод школьнікаў. Кожная такая падзея суправаджалася малітвай да святога князя Уладзіміра.

У мінулы аўторак у Святакрыжаўзвіжанскай царкве адбыліся саборнае богаслужэнне і святочная літургія. Пад гук царкоўных званоў святары і вернікі прайшлі хрэсным ходам да капліцы на рыначнай плошчы, дзе адбыўся малебен. Далей шлях хрэснага ходу ляжаў праз увесь горад да паклоннага  Крыжа на выздзе з райцэнтра ў бок Русінавічаў.

З гонарам і пашанай прыхаджане неслі старадаўнюю ікону Божай Маці Чанстахоўскай, якая шануецца і праваслаўнымі, і католікамі. Па легендзе, яна адносіцца да ікон Прасвятой Багародзіцы, якія напісаў апостал Лука.

Юбілей спачыну святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра – гэта знамянальная падзея для ўсіх вернікаў, – падкрэсліў благачынны цэркваў ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко. Ён нагадаў, што малітвай да святога князя Уладзіміра людзі просяць усеагульнага хрысціянскага адзінства, міру і згоды.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *