Паабедаем?

Повар-брыгадзір Русінавіцкай сталовай Нэлі Жук і повар Таццяна Траяноўская — знатныя гаспадыні

Вачэй не адвесці ад жніўнай панарамы: па залатым жытнёвым полі нібы плывуць камбайны. Адзін круг, другі – і зерне новага ўраджаю сыплецца ў кузаў аўтамабіля, а паветра, здаецца, пахне хлебам.

– Ды гэта таму, што ўжо хутка абед і пара перакусіць, – жартуе нехта з камбайнераў, якія спыніліся на выгрузку збожжа. – А наша сталоўка не спазняецца…

Прама па ржышчы імчаў да камбайнаў аўтобус. Повар-брыгадзір Русінавіцкай сталовай Нэлі Жук і повар Таццяна Траяноўская адправілі гарачыя абеды ў поле ў спецыяльных тэрмасах, асобная скрынка – з посудам і абавязковае пажаданне “Смачна есці!”. Дык што там на абед? Запараваў у талерках духмяны фасолевы суп з мясам, на другое – галубцы, а ў якасці напою – чарнічны або журавінавы морсы. Дабаўку? Калі ласка!

У СВК “Ляхавіцкі” арганізацыі харчавання ўдзельнікаў жніва ўдзяляецца не меншая ўвага, чым вытворчым момантам. Што-дзень дастаўляецца на жніўнае поле, зернетакі не менш як 70 абедаў і столькі ж падвячоркаў – меню не паўтараецца. Наогул, вырашэнне бытавых пытанняў тут не лічаць другарадным. На мехдвары абсталяваны “карбанатныя” душавыя, што вельмі даспадобы механізатарам, у магазіне – выдатны асартымент прадуктаў і тавараў першай неабходнасці – усё для таго, каб не адцягваць увагу ўдзельнікаў жніва бытавымі праблемамі.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вайцешык патлумачыў, што ўсе гэтыя пытанні ў “Ляхавіцкім” трымаюць пад кантролем бухгалтар Алена Гладкая і член прафкама Валянціна Герасімовіч.

– Каб з такой адказнасцю ставіліся ў кожнай гаспадарцы, то праблем не існавала б, – рэзюмаваў кіраўнік галіновага РК прафсаюза і прапанаваў наведацца ў Альхоўскую сталовую, дзе ў гэтыя дні вараць абеды для жняцоў ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Наталля Кавальчык і Яніна Кучура якраз шчыравалі над прыгатаваннем страў: цэлая гара нашаткаванай капусты – будзе боршч, а на патэльнях сквірчэлі адбіўныя, паравала бульбяное пюрэ. Дзякуючы старанням жанчын, не заўважылі механізатары трохдзённай праблемы: у сталоўцы няма вады.

– Ужо другі раз рвуцца трубы, – расказваюць паварыхі. – Падвозім воду флягамі, стараемся, аднак працаваць у такіх умовах вельмі складана…

Штодзень яны адпраўляюць на палявыя станы 60 абедаў. Пакуль што ўсё нармальна, людзі задаволены. Аднак нельга выключыць і наступную сітуацыю: антысанітарыя, кішэчная палачка… У самую гарачую пару камбайны могуць стаць на прыкол. Дарэчы, у гэтай сталовай патрэбна мяняць посуд: жалезныя і алюмініевыя міскі – старыя і падрапаныя, а эмаліраваныя кружкі пабітыя і па санітарных нормах ужо даўно непрыгодныя для выкарыстання. Як расказалі паварыхі, посуду некалькі дзесяцігоддзяў.

Захацелася зрабіць яшчэ адну заўвагу работніцам гэтай сталовай: навошта ў сезон свежых вітамінаў паіць жняцоў разбаўленым сіропам, канцэнтратамі? Калі кампот, няхай ён бу-дзе хоць бы з сухафруктаў.

Удзельнікі жніва ЗАТ “Белпрампрыбор” не застануцца незадаволеныя работай сталовай і магазінаў. Гандлёвыя кропкі ў вёсцы дзве – “Верас” і магазін харчовых тавараў, які належыць спажыўтаварыству.

Загадчыца апошняга Марына Вітко клапоціцца, каб асартымент быў самым насычаным: кожны дзень – свежы хлеб, 2 разы на тыдзень завозяцца мясныя вырабы. Тут пастаянна арганізуюцца акцыі, па якіх можна набыць прадукты значна танней. Мы трапілі ў той дзень, калі аб’ява традыцыйна жоўтага колеру запрашала купіць прадукцыю Ляхавіцкага кансервавага завода, на 25 працэнтаў былі зніжаны цэны на сокі, мінеральную ваду, квас, іншыя напоі, якія асабліва карыстаюцца попытам у гарачыя летнія дні. Адве-дзена секцыя, дзе можна купіць усё для падсобнай гаспадаркі: інвентар, а таксама камбікорм для жывёлы. Як расказала Марына Вітко, у месяц тавараабарот складае 350 мільёнаў рублёў.

На другім паверсе будынка – надзвычай запатрабаваны магазін “Верас”, які прапануе вяскоўцам свае паслугі з 9 гадзін да 20 без перапынкаў на абед і без выхадных, радуе пакупнікоў багатым асартыментам прадуктаў, у тым ліку малочных і мясных.

Абеды для механізатараў і усіх удзельнікаў жніва ў “Белпрампрыборы” гатуюць прафесійныя повары – дзве Святланы – Івановіч і Зубік. Дзяўчаты стараюцца: у сталоўцы – чысціня і парадак, смачна пахнуць стравы, якія ў спецыяльных тэрмасах дастаўляюцца на поле. Святлана Івановіч расказала, што кожны раз яны ўзгадняюць з камбайнерамі заўтрашняе меню, стараюцца задаволіць іх просьбы. Напрыклад, у гэты дзень на абед галаўнінскім жняцам былі прапанаваны халодны боршч, галубцы, чай, удосталь мінеральнай вады, на падвячорак – “сухі” паёк, які абавязкова дапаўняюць мяса-каўбасныя вырабы.

Усяго толькі 15 абедаў дастаўляюць у поле работніцы Ліпскай сталовай Таццяна Дыдышка і Лілія Салодкая. У перыяд нарыхтоўкі кармоў, калі ў гаспадарцы працаваў мехатрад, “застолле” было ў 2 разы большым. І ўсё ж стараюцца жанчыны: то рыба, то мяса, то кураціна – з рознымі гарнірамі, першыя стравы абавязкова з ялавічынай. Улічваюць яны і асобыя пажаданні: нехта з механізатараў ужывае толькі дыетычныя стравы.

Па асобым рэжыме працуе і Ліпская ўрачэбная амбулаторыя, якой загадвае Святлана Дыдышка. Медыкі – частыя госці ў мехмайстэрнях, на палявых станах. Ранішняе абследаванне механізатараў, кантроль за медыкаментамі ў аптэчках, проста напамін пра перасцярогу – зусім не лішнія.

Вельмі папулярны ў Ліпску і яшчэ адзін аб’ект – лазня. Па словах аматараў, сюды едуць папарыцца нават некаторыя гараджане: чыста, камфортна, прыемна. У суботу – лазневы дзень – тут жадаючых, хоць адбаўляй. Але чаму яна працуе праз суботу, нават у гарачую ўборачную пару? Адказу ад КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, на балансе якой знаходзіцца гэты бытавы аб’ект, чакае не толькі “ЛВ”, а і многія мясцовыя жыхары.

Цэлы год працуе хлебароб, каб дачакацца іменна гэтых дзён – уборкі ўраджаю. А цяпер дарагая кожная хвіліна, каб своечасова ўбраць і не страціць вырашчанае. Добры абед яму ў дапамогу будзе вельмі дарэчы.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Загадчыца магазіна харчовых тавараў вёскі Галаўнінцы Марына Вітко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *