Медыцына як прызванне

У жніўні 1981 года выпускнік Гродзенскага медінстытута і сам карэнны гродзенец Міхаіл Куляшоў прыйшоў па размеркаванні працаваць у Ляхавіцкую райбальніцу. Маладому спецыялісту адразу прапанавалі надзвычай адказную пасаду – галоўнага ўрача Ураджайнінскай участковай бальніцы. Думаў, адпрацуе належныя 2 гады і вернецца назад на Гродзеншчыну. Аднак, лёс меў свае планы на маладога перспектыўнага медыка.

Ляхавіччына зачаравала яго сваёй багатай гісторыяй. Недалёка ад Ураджайнінскай бальніцы – сядзіба Бохвіцаў, гісторыяй іх роду захапіўся і Куляшоў. Потым, ужо з сям’ёй, з задавальненнем наведваў і іншыя палацава-паркавыя ансамблі нашага раёна. І асабістае жыццё Міхаіла Мікалаевіча аказалася непарыўна звязаным з Ляхавіччынай: ажаніўся з тутэйшай дзяўчынай Кацярынай, якая таксама працавала ўрачом. Так і крочаць па жыцці і па прафесіі разам: пабудавалі дом, выхавалі двух сыноў, ужо шмат гадоў цвёрда прытрымліваюцца клятвы Гіпакрата, вяртаюць здароўе і надзею сваім шматлікім пацыентам.

Раней Ураджайнінская ўчастковая бальніца неаднойчы станавілася пераможцай раённага спаборніцтва сярод медустаноў, у значнай ступені – дзякуючы прафесіяналізму і арганізатарскім якасцям галоўнага ўрача. Яго прынцыповасць і адказнасць не засталіся незаўважанымі. І вось ужо 27 гадоў Міхаіл Куляшоў – намеснік галоўнага ўрача Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва. У зоне яго ўвагі і кантролю – амбулаторна-паліклінічная дапамога, сельскія медустановы (16 фельчарска-акушэрскіх пунктаў і 8 урачэбных амбулаторый). Займаецца ён і арганізацыйна-метадычнай работай. Словам, клопатаў хапае. Наогул, медыкам быць нялёгка, а сумяшчаць прафесійную дзейнасць і работу адміністратара – цяжэй удвая. У Куляшова атрымліваецца: ён умее знайсці падыход і да пацыента, і да работніка, дапамагчы, падбадзёрыць. Пры гэтым застаецца прынцыповым і адказным, за што яго любяць пацыенты і паважаюць калегі.

Управіўшыся з хатнімі клопатамі і на прысядзібным участку, Куляшовы за кубачкам чаю абмяркуюць надзённыя пытанні, сярод якіх абавязкова і медыцынскія. А заўтра зноў на работу, каб, апрануўшы белы халат, з усмешкай і пажаданнямі добрага здароўя прыйсці да сваіх пацыентаў: Кацярына Аляксееўна – у дзённы стацыянар, а Міхаіл Мікалаевіч – у тэрапеўтычнае аддзяленне.

“ЛВ” далучаецца да шматлікіх віншаванняў, якія Міхаіл Куляшоў атрымлівае ў свой 60-гадовы юбілей, і жадае моцнага здароўя, шчасця і аптымізму.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *