Бацькі і дзеці. Сёлета на ўборцы ўраджаю ў гаспадарках Ляхавіччыны працуе 12 сямейных экіпажаў

Віктар Гачко з СВК «Ліпнянка» перадаў у спадчыну сыну Сяргею любоў да зямлі. Магчыма, унук Андрэй будзе працягам хлебаробскай дынастыі.

У сям’і хлебароба так бывае часта: падрастаючаму сыну хочацца пасядзець разам з бацькам у кабіне трактара, “паруліць”, а падрос – за шчасце ў нядоўгія хвіліны жніўнага перапынку пастаяць на “капітанскім” мосціку на камбайне, паглядзець, як пад ветрыкам хвалюецца збажына. А калі сыплецца зерне з бункера ў машыну, золатам адліваючы на сонцы, адчуваць гонар за бацьку, які вырасціў столькі хлеба! Не дзіва, што гэтае ранняе захапленне перарастае ў сапраўдную любоў да хлебаробскай справы.

Іменна так было ў сям’і Сяргея Алейнікава з СВК “Ляхавіцкі”. Сын Андрэй з дзяцінства цікавіўся тэхнікай, дапамагаў рамантаваць трактар, бацька быў яго першым настаўнікам, які перадаў сыну ў спадчыну і навуку любіць зямлю, працаваць з душой і адчуваць сябе сапраўдным яе гаспадаром. Як і бацька, Андрэй – трактарыст: апрацоўвае зямлю, сее хлеб, а цяпер вось і ўбірае збожжа: першы год працуе камбайнерам. Дарэчы, фота гэтага экіпажа ўпрыгожвала першую старонку «ЛВ» роўна тыдзень назад.

Сёлета ў СВК “Ляхавіцкі” на ўборцы збожжавых шчыруюць 3 сямейныя экіпажы. Старшаму камбайнеру Сяргею Асланяну дапамагае яго сын Сяргей, а
Генадзю Граблюку – дачка Марта. Рэдка такое сустракаецца, каб дзяўчына выбрала для сябе такое хобі. Яна па адукацыі юрыст, але са студэнцкіх часоў свой заслужаны водпуск прысвячае зусім не дзявочай прафесіі. Што вымушае яе дзяліць з бацькам нялёгкую хлебаробскую ношу? Заробак, канешне, будзе нялішнім, але, галоўнае, Марта адчувае патрэбнасць дапамагчы роднай гаспадарцы. Сцвярджае, што ў родзе Граблюкоў у генах любоў да зямлі. Ёй па душы вясковыя ранкі, якія абуджаюць наваколле, дораць свежасць, святло і энергію новага дня. Яна любіць жніўную пару, калі ўсе вяскоўцы аб’яднаны адной думкай – пра ўраджай. Яна ганарыцца адчуваннем свайго дачынення да вырашчанага хлеба…
На працоўных традыцыях выхоўваліся сыны і ў сям’і Анатолія Дзядовіча з СВК “Шлях новы”. Міша і Саша пасля заканчэння школы адназначна вырашылі, што пойдуць па бацькавых слядах – будуць хлебаробамі. Так і атрымалася: у сям’і 3 трактарысты – бацька і 2 сыны. Калі што – яны каманда, гатовыя прыйсці на дапамогу адзін другому. Сёлетні ўборачны сезон разам з бацькам – старшым камбайнерам – працуе Міхаіл, а Аляксандру даверана быць старшым камбайнерам іншага экіпажа.
Падрос першынец Сяргей у сям’і Аляксандра Цімашка, таксама вырашыў звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Разумеючы, што сёння без адукацыі працаваць на зямлі немагчыма, паступіў у Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, выбраў спецыяльнасць плодаагародніка. Уборачная кампанія – добрая магчымасць для навучэнца зарабіць грошай, атрымаць практычныя навыкі і дапамагчы сельгаскааператыву. Сямейны экіпаж Цімашкоў сярод лідараў на жніве. Дома на старэйшага брата з павагай паглядае малодшы Уладзік, які ўжо з першага класа марыць сесці за руль магутнага камбайна…
На жарабковіцкай і падлескай землях спрадвеку перадавалі бацькі ў спадчыну сваім сынам прафесію хлебароба. Тут механізатары, шафёры, камбайнеры заўсёды былі ў пашане. Так і Анатолій Пятух стаў хлебаробам, пра іншае і не марыў. Працаваў вадзіцелем, трактарыстам, а ў сезон уборкі збожжа садзіўся за штурвал камбайна. Сын Аляксей пасля школы паступіў у Гродзенскі сельска-
гаспадарчы ўніверсітэт, стаў аграномам, працуе на Капыльшчыне. А вось дамоў цягне: узяў водпуск і з бацькам – на камбайн. Анатолій Аляксеевіч, паглядаючы на сына, задаволена ўсміхаецца: выгадаваў сапраўднага хлебароба.
Сёлета ў СВК “Жарабковічы” ўбірае збожжа і сямейны экіпаж Турко. Старшы камбайнер – бацька Сяргей Міхайлавіч, за плячамі якога багаты хлебаробскі стаж, камбайнер ­– яго сын Раман, які таксама ўжо не навічок у гэтай справе: дапамагае бацьку трэці сезон. Прафесію механізатара выбраў сваім лёсам: закончыў Клецкі сельскагаспадарчы ліцэй. На леташнім жніве гэты сямейны экіпаж быў лідарам спаборніцтва сярод камбайнераў гаспадаркі.
Раніцай яшчэ б паспаць малому Андрэйку, а ён ужо на нагах, усхапіўся з ложка разам з бацькам і дзядулем, маўляў, я з вамі. Ніякія ўгаворы не дапамаглі, хлопца цягне да дзядулевага камбайна. Згадзіліся ўзяць малога на поле: пакуль раса і камбайны не працуюць, няхай сабе паглядзіць, магчыма, гэта і яго прызванне. Усе мужчыны сям’і Гачко – бацька Віктар, сын Сяргей і ўнук Андрэй – рушылі на жніўнае поле…
Гэты сямейны экіпаж з СВК “Ліпнянка” не першы год шчыруе на ўборцы ўраджаю. А хто больш вопытны – бацька ці сын – можна нават паспрачацца. Сяргей некалькі гадоў працаваў у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” у каман-
дзе з колішнім пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва Аляксандрам Маляром. Цяпер Сяргей працуе вадзіцелем у Мінску. Але ўсё больш разумее, што родны Ліпск яго не адпускае. Вось і сёлета ў водпуску пайшоў камбайнерам да бацькі.
Уладзімір Шклянік з ДП “Нача”, які чацвёрты сезон працуе з сынам Віталіем, у раённым спаборніцтве – сярод лепшых сямейных экіпажаў. Ды і не дзіва: абодва трактарысты – заўзятыя працаўнікі. Летась на начаўскіх палетках намалацілі 1250 тон зерня, а пасля яшчэ ездзілі дапамагаць суседзям – СВК “Шлях новы”.
– Я заўсёды ведаў, што Віталій будзе хлебаробам, бо змалку хадзіў за мной, цікавіўся тэхнікай. Наогул, яму па душы вясковае жыццё,– расказвае бацька. – Сам ён гэтага доўга не разумеў, нават паступіў вучыцца на ваеннага, але іменна там і ўсвядоміў, што ён чалавек самай мірнай прафесіі – хлебароб…
Сёлета ўбіраюць збожжа на палях раёна 3 сямейныя экіпажы, у складзе якіх – браты. У СВК “Жарабковічы” – Сяргей і Аляксандр Буракі, у “Востраве-Агра” – Пётр і Павел Канцылярчыкі, у “Начы” – Віталій і Сяргей Васюкевічы – у гэтых сем’ях адразу па 2 нашчадкі справы сваіх бацькоў.
…За ваколіцай жыта долу клоніцца. Абяцае, што сёлетні каравай будзе важкім, а значыць, хлебаробам давядзецца нямала папрацаваць. Дзякуючы ім, на стале ў кожнай сям’і будзе хлеб. І каб гэта паўтаралася з года ў год, з пакалення ў пакаленне, патрэбна любоў да росных ранкаў, да першых спеваў жаўрука, да выспеўшага хлебнага коласа, да зямлі-карміцелькі.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Старшы камбайнер Аляксандр Цімашок, камбайнер – яго сын Сяргей (СВК «Шлях новы»).

Анатолій Дзядовіч з сынам Міхаілам (СВК «Шлях новы»).

Браты Сяргей і Аляксандр Буракі (СВК «Жарабковічы»).

Анатолій і Аляксей Петухі з СВК «Жарабковічы».

Сяргей і Раман Турко (СВК «Жарабковічы»).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *