Вабіць першы лёд

Зіма нібы хоча навярстаць сваё спазненне, марозіць, сыпле снегам. Для многіх аматараў падлёднай рыбалкі прыйшла, нарэшце, самая запаветная пара: прыхапіўшы снасці, цёпла апрануўшыся, яны імкнуцца на вадаёмы. Іншы раз глядзіш, лёд ледзь узяўся, а на ім ужо сядзіць, згорбіўшыся ад холаду, рыбак. Бывае, што нехта напрасткі спрабуе пераадолець вадаём – скарачае шлях. А для таго, хто злоўжывае алкаголем, наогул, не існуе такога паняцця, як тонкі лёд ці вада. У першай палове лістапада жыхар вёскі Залужжа ўпаў у меліярацыйны канал глыбінёй усяго 1,5 метра, але не змог выбрацца і захлынуўся (як паказала медэкспертыза, колькасць алкаголю ў крыві “зашкальвала”).
Каб папярэдзіць бяду, усім аматарам падлёднага лову неабходна выконваць правілы перасцярогі: выходзіць на лёд, калі яго таўшчыня не менш як 15-20 сантыметраў; рухацца па лёдзе групай, захоўваючы адлегласць паміж спадарожнікамі не менш як 5-6 метраў; рабіць палонкі далёка адна ад другой; рыбакам трэба апранацца ў спецыяльныя камізэлькі і мець шнур даўжынёй 20-25 метраў з прывязаным на канцы грузам вагою 300-400 грамаў.
Звяртаюся да дарослых: кантралюйце гульні сваіх дзяцей. На бацькоўскіх сходах, класных гадзінах, уроках па асновах бяспекі жыццядзейнасці трэба пастаянна нагадваць пра неабходнасць быць абачлівымі, асцярожнымі, асабліва на лёдзе.
…Лёд яшчэ не ўсталяваўся, а першыя ахвяры, на жаль, ужо ёсць: пенсіянер з Віцебскай вобласці пайшоў на рыбалку і праваліўся пад лёд. Яго знайшлі вадалазы толькі праз 3 дні. Лёд і вада не даруюць легкадумства.
Марыя ЦІТКО, старшыня раённай арганізацыі АСВОД.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *