Экіпаж. Віктар Кардаш і Сцяпан Вітко з СВК “Ляхавіцкі” сталі першым экіпажам-тысячнікам у Ляхавіцкім раёне

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч прыехаў у поле павіншаваць першы экіпаж-тысячнік раёна – Віктара Кардаша і Сцяпана Вітко.

Віктар Кардаш і Сцяпан Вітко з СВК “Ляхавіцкі” сталі першым экіпажам-тысячнікам у раёне. Гэты экіпаж з першага ўборачнага дня даваў максімальную выпрацоўку. Летась Віктар атрымаў новы камбайн, развітаўшыся з былым “сталёвым сябрам”, на якім адпрацаваў 15 збожжаўборачных сезонаў: вопыту не займаць. У камбайнеры парэкамендавалі Сцяпана Вітко, які вучыцца на трэцім курсе БНТУ, а на лета вярнуўся ў родную гаспадарку, каб на практыцы замацоўваць набытыя веды.
Давялося бачыць гэты экіпаж у рабоце, калі ўбіралі збожжа на землях ля вёскі Цыгань. Зладжаная каманда!

– Калі побач з табой надзейны памочнік, то гэта ўжо палавіна поспеху, – расказвае Віктар Кардаш.  – Сцяпан, нягледзячы на тое, што малады, валодае тэхнікай ніколькі не горш за мяне, а яшчэ ў дадатак працуе з душой. Згадзіцеся, не проста цэлы дзень прасядзець за штурвалам камбайна амаль без перапынкаў. Сцяпан паспяхова падмяняе мяне, прычым з настроем і энтузіязмам. Мы – сапраўдны экіпаж…

Віктар Кардаш і Сцяпан Вітко намалацілі тысячу тон збожжа першымі ў раёне. Прама на жніўнае поле ля Рачкан, дзе працаваў экіпаж, з’ехаліся госці. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч шчыра віншаваў камбайнераў з першай сёлета працоўнай перамогай. Найлепшыя пажаданні далейшых поспехаў, падарункі на памяць і песня для настрою нават у кароткі перапынак выклікалі цёплыя ўсмешкі на тварах камбайнераў, рашучасць утрымліваць лідарства і далей.

Дарэчы, зусім крыху адстаў ад першых тысячнікаў экіпаж з ЗАТ “Белпрампрыбор” у складзе Вадзіма Зубіка і Віталія Івашкі, які некаторы час лідзіраваў на жніве ў раёне. Перашкодзіла невялікая паломка камбайна: пакуль рамантаваліся – абышлі сапернікі.

Наогул, гэтымі днямі на палях шчыруе нямала майстроў хлебаробскай справы. Калі ўшаноўвалі першых тысячнікаў, усяго некалькі дзясяткаў тон збожжа да гэтай адзнакі не хапала ў Міхаіла Зубіка і Дзмітрыя Патапчыка з гэтай жа гаспадаркі, Генадзія Місько і Сяргея Марчука з СВК “Шлях новы”, Андрэя Юруця і Уладзіміра Юруця з ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Блізка да тысячы тон падабраўся і экіпаж з ДП “Нача” ў складзе Антона Місько і Эдуарда Чалядкі. Сур’ёзную заяўку на паспяховае жніво зрабіў і сямейны экіпаж старшага камбайнера Аляксандра Цімашка з СВК “Шлях новы”, якому дапамагае сын Сяргей.

А на небе – ні аблачынкі: надвор’е нібы дапамагае жняцам. Праўда, яны як і не заўважаюць гарачыні, толькі змахваюць з твару пот. Выратаванне – у кабінах камбайнаў, дзе працуюць кандыцыянеры. Загонка за загонкай, бункер за бункерам – збожжа сыплецца ў кузавы грузавікоў, якія таксама не трацяць марна часу, імчаць на зернеачышчальна-сушыльныя пункты – спаборнічаюць.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У працоўнай біяграфіі Сцяпана Вітко гэта пакуль першая перамога.

Віктар Кардаш і Сцяпан Вітко

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *