Скончыўся конкурс «Выхавальнік-2010»

Дзіцячы сад… Утульны і цёплы, вясёлы дом, дзе, не змаўкаючы, звіняць дзіцячыя галасы і свецяцца шчырыя ўсмешкі. Тут кожны выхаванец – самы лепшы і самы разумны, тут заўсёды зразумеюць, падтрымаюць, пашкадуюць, суцешаць і парадуюць. А яшчэ ў дашкольных установах працуюць самыя ласкавыя, цярплівыя, клапатлівыя, разумныя і таленавітыя педагогі. Гэта пацвердзіў і фінал раённага конкурсу “Выхавальнік года-2010”, які адбыўся ў мінулы чацвер у СШ № 1 райцэнтра.

Пад апладысменты калег, выхаванцаў і іх бацькоў, родных і проста балельшчыкаў на ўпрыгожаную сцэну падняліся 10 лепшых выхавальнікаў Ляхавіччыны – пераможцы папярэдніх этапаў. У фінал раённага спаборніцтва выйшлі пяцёра: Людміла Мяжуева і Алена Варабей (яслі-сад № 3), Зоя Мешчаракова і Наталля Лебедзева (я/с №1) і Алена Зубік (я/с №2). Менавіта таленавітая “чацвёрка” (Алена Варабей па ўважлівых абставінах не змагла выступіць у фінале) змагалася за перамогу. У фінал удзельніцы прыйшлі з пэўнай колькасцю балаў, атрыманых падчас папярэдніх конкурсаў “Эфектыўны педагагічны вопыт” і “Правядзенне комплекснага занятку ў незнаёмай групе дашкалят”.

З першых хвілін фінальнага спаборніцтва ў зале пастаянна гучалі апладысменты і дружныя словы падтрымкі ўдзельніц. За кожнае выступленне ў трох конкурсах можна было без перабольшвання выстаўляць ”дзесятку”. Арыгінальнасць, артыстызм, душэўную цеплыню, педагагічны вопыт і такт прадэманстравалі фіналісткі падчас конкурсу “Выхавальнік я. І гэта значыць…” Расказваючы пра свае захапленні, Людміла Мяжуева адзначыла: “Душу і сэрца аддаю дзецям, каб яны сталі сапраўднымі людзьмі”. Яе выхаванцы пацвердзілі гэта, яны вельмі шчыра падтрымлівалі сваю любімую выхавальніцу: “Лепш, чым Людміла Юр’еўна, у свеце няма”.

Зоя Мешчаракова ў імправізаванай гульні “Хто? Дзе? Калі?”, расказваючы пра свой шлях у прафесію, падкрэсліла: “Работа з дзецьмі – гэта казка, якая ніколі не заканчваецца”. Наталля Лебедзева выступіла ў ролі Беласнежкі, якая лічыць, што выхавальнік – гэта ўсмешкі, радасць і вялікая любоў да дзяцей. Расказаць пра любімую прафесію дапамаглі яе выхаванцы – казачныя гномікі. “Дарыць цяпло і радасць – маё крэда”, — падкрэсліла Алена Зубік і шчыра даказала гэта гледачам. На сцэне яе падтрымаў дружны калектыў дзіцячага сада № 2. Увогуле, усе ўдзельніцы адчувалі дапамогу, падтрымку з боку калег.

У конкурсе “Брэйн-рынг” фіналісткі дэманстравалі неардынарнасць рашэнняў, шырокі кругагляд, фантазію. А ў апошнім конкурсе “Свет маіх захапленняў” расказалі пра свае любімыя заняткі. Людміла Мяжуева – актывістка, спартсменка, артыстка, спявачка і танцорка, што і пацвердзіла, выканаўшы разам з калегамі эстрадны танец. Зоя Мешчаракова пра сваё захапленне маляваць… праспявала, а прадэманстраваныя карціны спадабаліся ўсім. Наталля Лебедзева – не толькі таленавіты педагог, але і майстар кулінарных спраў. Яе цуда-торт “Экзатычны” – вышэй усякіх пахвал. Алена Зубік – вязальшчыца экстра-класа. Арыгінальныя вязаныя ёю рэчы прадэманстравалі на сцэне яе муж і дзеці. Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

У намінацыі “Пошук і натхненне” перамога прысуджана Алене Варабей, “Прызнанне і захопленасць” – Людміле Мяжуевай, “Наватарства і майстэрства” – Зоі Мешчараковай, “Талент і ініцыятыўнасць” – Наталлі Лебедзевай. Па выніках усіх тураў пераможцай прызнана Алена Зубік. Перамога для Алены Валер’еўны стала двайной. Меркаванне журы супала з меркаваннем балельшчыкаў. Менавіта ёй уручаны і прыз сімпатый гледачоў. Усе ўдзельніцы ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі райвыканкама, падарункамі і апладысментамі.

Як цудоўна, што мы давяраем сваіх дзяцей такім таленавітым педагогам.

Дарэчы, падарункі для ўдзельнікаў конкурсу падрыхтавалі аддзелы адукацыі і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА БРСМ, ПУП “Ляхавіцкі кааппрам” і гандлёвы дом “Уладзімір-плюс”.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *