Тут творчыя людзі і творчы ўзўдым

Калі на сцэне выступае народны ансамбль народных інструментаў выкладчыкаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, на любой канцэртнай пляцоўцы адбываецца сапраўднае дзейства. Слухачы не могуць раўнадушна рэагаваць на выкананне музычных твораў гэтым калектывам прафесіяналаў. Несціханыя апладысменты пасля кожнага нумара – справа звыклая, але заўжды прыемная.
Калектыў створаны ў 1992 годзе, першым яго кіраўніком была Алена Тумаш. Ён з’яўляецца творчай лабараторыяй для павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў. У рэпертуары – творы кампазітараў-класікаў 18-19 стагоддзяў, беларускія і рускія народныя творы ў апрацоўцы, музычныя сачыненні самадзейных аўтараў, сярод якіх Анастасія Завалокіна, Эдуард Сіліцкі, Ірына Тулейка. Канцэртная праграма даволі разнастайная не толькі па жанрах, геаграфіі аўтараў, але і па характары кожнага нумара. Рэпертуар любога выступлення складаецца такім чынам, каб творы (ці інструментальныя, ці вакальныя), успрымала публіка рознай музычнай падрыхтаванасці.
Народны ансамбль народных інструментаў – важнае звяно ў сувязі вучань-настаўнік. Выхаванцы школы мастацтваў з непадробным інтарэсам сочаць за рэпетыцыямі і выступленнямі сваіх педагогаў. Адчувальная пераемнасць пакаленняў. Прыемна і ганарова, калі на канцэртных пляцоўках выхаванцы выступаюць разам са старэйшымі сябрамі-педагогамі. І цяпер у складзе ансамбля выпускнікі школы розных гадоў Якаў Мурзіч, Людміла Грыб, Уладзімір Піваварчук, Ніна Чарнышова, Аляксандр Жукоўскі, Аляксандр Маляр, Віктар Русін, Мікалай Шклянік, Ірына Клімашэўская, Аляксей Беразоўскі, Жанна Хмыз, Святлана Сталярчук, Наталля Маслоўская.
На працягу 2008-2010 гадоў творчы калектыў узначальваў Уладзімір Кляшчоў. За гэты час ансамбль прымаў удзел у разнастайных канцэртных праграмах, якія ладзіліся ў аграгарадках, вёсках і гарадах Брэстчыны.
Толькі сёлета было дадзена 9 канцэртаў. Асабліва запамінальнымі былі выступленні ў аграгарадку Дарава, Міронаўскай дзіцячай музычнай школе. Створаны рэпертуар не толькі для інструментальнага выканання, узбагацілася праграма і для салістаў. У поўную моц заявілі пра сябе квартэты, квінтэты, трыа, дуэты, у рэпертуары якіх – народныя песні і творы, аўтарскія работы.
З лістапада гэтага года ў народнага ансамбля народных інструментаў новы дырыжор. Калектыў узначаліла Жанна Хмыз. Выкладчык па класу скрыпкі з 1999 года, яна перадае сваё майстэрства дзецям у Ляхавіцкай школе мастацтваў і з гэтага ж часу пастаянная ўдзельніца калектыву. Да таго ж таленавіты музыкант – удзельніца народнага ансамбля народнай песні “Крыніца” і народнага ансамбля народнай музыкі “Народныя музыкі”. Жанна Васільеўна ўнесла свае ноткі творчасці ў работу ансамбля і асноўнай задачай у якасці кіраўніка лічыць пашырэнне рэпертуару, удасканаленне прафесіяналізму музыкантаў, актывізацыю канцэртнай дзейнасці.
Народны ансамбль народных інструментаў плануе прыняць удзел у абменных канцэртах паміж калектывамі школ мастацтваў і музычных школ суседніх гарадоў. І, безумоўна, будзе радаваць сваёй творчасцю землякоў.
Алена РАВІНСКАЯ, дырэктар Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *