Спадчыне патрэбен гаспадар

Напрыканцы ліпеня адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры райвыканкаме. Адным з пытанняў, што разглядаліся на парадку дня, стала абмеркаванне прадпісання пракуратуры раёна аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, прычын і ўмоў, якія садзейнічалі парушэнням.

На тэрыторыі раёна размешчаны 11 аб’ектаў, што маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў, папулярызацыя якіх магла б паўплываць на развіццё турыстычнага патэнцыялу Ляхавіччыны. Як адзначыў намеснік пракурора раёна Ігар Палыка, у гэтым накірунку аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама прымаў пэўныя меры. Разам з тым, праверкай выяўлены недахопы і парушэнні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Так, у прыватнасці, да гэтага часу адсутнічае рэгіянальная праграма па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, работа ажыццяўляецца згодна адпаведнага плана мерапрыемстваў на 2015-2017 гады, зацверджанага райвыканкамам. Па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Яўгенія Юрлевіча, яшчэ ў снежні 2012 года райсавет накіраваў праект рашэння аб зацвярджэнні раённай праграмы на 2013-2015 г.г. у Міністэрства фінансаў краіны. Ведамства ўказала на недахопы праекта праграмы, ухіленне якіх не з’яўляецца затратным ці патрабуючым працяглага перыяду.

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі па даручэнні райвыканкама ўнёс змяненні ў раённы план мерапрыемстваў. Як падкрэсліў Ігар Палыка, у новым варыянце плана ўказаны канкрэтныя тэрміны выканання пэўных мерапрыемстваў. Але пры гэтым абгрунтаванне працягласці выканання ёсць не ўсюды. Напрыклад, на дапрацоўку тэхнічнага пашпарта на будынак царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ўстаноўлены тэрмін 2015-2016 гады, і абгрунтавання для менавіта такога тэрміну няма.

Па меркаванні пракуратуры, дапускаецца фармалізм пры ажыццяўленні кантролю за выкананнем рашэнняў райвыканкама і каардынацыйнага савета. Так, рашэннем райвыканкама фермерскай гаспадарцы “Даманскае” і ДП “Нача” было даручана да 1 студзеня гэтага года звярнуцца ў філіял “Брэстрэстаўрацыяпраект” для падрыхтоўкі навуковага абгрунтавання аб выключэнні з дзяржаўнага спісу гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь гаспадарчай пабудовы і флігеля былой сядзібы 1810-1815 гадоў у Начы. Аднак, і да гэтага часу пытанне не вырашана. Не выкананы даручэнні райвыканкама па падпісанні ахоўных абавязацельстваў на аб’екты палацава-паркавага комплексу ў вёсцы Грушаўка (СВК “Ляхавіцкі”) і былой сядзібы ў Начы (ДП “Нача”). Як патлумачыла намеснік дырэктара “Начы” Галіна Рамейка, у гаспадаркі пакуль няма сродкаў для таго, каб вырабіць неабходную дакументацыю (на гэтыя мэты патрабуецца больш за 100 мільёнаў рублёў). Але парадак на тэрыторыі былой сядзібы падтрымліваецца, дапамагаюць у гэтым работнікі цэха газазабеспячэння.

Намеснік пракурора раёна нагадаў, што згодна заканадаўства, у выпадку надання аб’екту статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці яго ўласнік (уладальнік) абавязаны на працягу месяца падпісаць ахоўныя абавязацельствы. Невыкананне гэтай умовы можа прывесці да прызнання ва ўстаноўленым парадку гісторыка-культурнай каштоўнасці безгаспадарнай. Аднак, такія меры ў дачыненні былой сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы і гаспадарчых пабудоў у Начаўскім палацава-паркавым комплексе не прыняты.

Рэйды пракуратуры выявілі, што ў некаторых гістарычных пабудовах, што знаходзяцца ў аварыйным стане, не заблакіраваны ўваходы. Трапіць туды не ўяўляе складанасці нават для непаўналетніх. А гэта, у рэшце рэшт, небяспечна. У прадстаўленні пракуратуры згадваюцца адсутнасць тэхпашпартоў на шэраг аб’ектаў, ахоўных дошак, іншыя парушэнні заканадаўства.

Па выніках праверак зроблена выснова, што ў раёне выкананы значны аб’ём работы па развіцці турыстычнага патэнцыялу: зацверджаны турыстычныя маршруты, сярод якіх і наведванне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, распрацавана рэкламна-інфармацыйная прадукцыя для іх папулярызацыі, ёсць звесткі і ў інтэрнэце. Указана на неабходнасць актывізацыі работы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама па размяшчэнні рэкламных указальнікаў пры ўездзе ў горад, карт-схемаў, інфармацыйных матэрыялаў пра турыстычныя магчымасці і інфраструктуру раёна.

Пракуратура ўнесла шэраг прапаноў па рабоце раённай улады і адказных службаў і асоб па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Падводзячы вынікі пасяджэння, намеснік старшыні райвыканкама старшыня каардынацыйнага савета Дзіяна Трысцень адзначыла, што самае галоўнае – сумесныя намаганні ўсіх зацікаўленых, каб давесці да лагічнага завяршэння ўсё пачатае ў гэтым накірунку і незваротна не страціць гістарычныя каштоўнасці.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *